Вы тут

Свабодны тэатр шукае пляцоўку для прэм'еры "Сабак Еўропы"

lohvinau.by

Свабодны тэатр шукае пляцоўку для прэм'еры спектакля па рамане Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Еўропы". Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" кіраўнік тэатра Мікалай Халезін.

Стваральнікі спектакля год працавалі над драматургічнай адаптацыяй рамана і месяц таму прыступілі да самой пастаноўкі. Халезін піша, што гэтая праца "стане адным з найбольш маштабных спектакляў Свабоднага тэатра". Шэраг краінаў ужо выявілі зацікаўленасць у ёй і фармуецца сусветны тур. У Мінску будуць граць беларускую прэм'еру, а ў Лондане — сусветную, "на адной з самых прэстыжных сусветных сцэнаў".

У сувязі з гэтым тэатр шукае пляцоўку для паказу спектакля ў Мінску сёлетняй восенню, бо гараж, у якім акторы граюць іншыя свае спектаклі, не пасуе "Сабакам Еўропы",

"Нам пасавацьме практычна кожнае вялікае памяшканне, кшталту цэху на заводзе або спартовай залі, тралейбуснага дэпо або падземнай паркоўкі. Галоўная ўмова — вышыня столяў не ніжэй за 3,5-4 метраў, і доступ да электрычнасці", — тлумачыць Мікалай Халезін.

На думку кіраўніка Свабоднага тэатра, спектакль паводле рамана Бахарэвіча "проста абавязаны пабачыць свет у Беларусі, якой ён і прысвечаны ад першага радка да апошняга".

Раман "Сабакі Еўропы" выйшаў у выдавецтве "Логвінаў" напрыканцы 2017 года. Ён атрымаў прэмію "Кніга года" за 2018 год і другое месца прэміі Гедройца. Сёлета кніга выйшла ў аўтарскім перакладзе на рускую мову ў расійскім выдавецтве "Время".