Міліцыянеры змогуць адпраўляць хуліганаў “на суткі” без суда?

Выносіць прысуд за “дробныя крадзяжы”, “дробнае хуліганства” і “ўжыванне алкагольных напояў у грамадскім месцы” плануюць без суда не выходзячы з пастарунку – самі міліцыянты. Законапраект з такой прапановай паступіў у Палату прадстаўнікоў. Распрацаваў яго Вярхоўны суд. І даў сваё “Абгрунтаванне” неабходнасці перадачы паўнамоцтваў суда праваахоўным органам.

“…у 2012 годзе колькасць спраў аб указаных правапарушэннях склала 70% ад агульнай колькасці спраў па адміністрацыйных правапарушэннях, якія разгледзелі суды. Заканадаўчае наданне права разгляду такіх спраў органам МУС дазволіць павысіць аператыўнасць разгляду такіх спраў, а таксама аптымізаваць судовую нагрузку, скараціць колькасць спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія разглядаюцца судамі, на 50-70 тысяч у год, што дазволіць зменшыць і агульныя затраты на ажыццяўленне адміністрацыйнага працэсу”…

Такім чынам, законапраект скіраваны на тое, каб эканоміць час і, галоўнае, грошы. Між тым, звяртаюць увагу праваабаронцы, па гэтых артыкулах прадугледжваецца не толькі штраф, але і адміністрацыйны арышт.

“Згодна з артыкулам 6.2 Працэсуальнага кодэкса, калі санкцыя артыкула прадугледжвае арышт, то гэтыя справы мусіць разглядаць суд. Гэта таксама карэлюецца міжнароднымі абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь – толькі суд можа змясціць чалавека пад арышт. Незалежна ад таго – гэта крымінальны ці адміністрацыйны працэс”, — тлумачыць супярэчнасць эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Дар’я Каткоўская.

Згодны з экспертам і старшыня аднаго з раённых судоў.

Старшыня суда: “Для судоў можа быць і выгадна было б неяк аблегчыць сваю працу… Але ж мы павінны глядзець глыбей – усё ж такі ва ўсім свеце права арыштоўваць чалавека за судом. Гэта ж атрымліваецца мікрапазбаўленне волі!”

Паводле законапраекта, у судзе справа затрыманага за пералічаныя правапарушэнні можа разглядацца толькі ў тым выпадку, калі ён сам адмаўляецца “разабрацца на месцы” – не прызнае сваю віну.

Дар’я Каткоўская ўпэўненая – міліцыянты будуць рабіць усё, каб справа да суда не дайшла.

Дар’я Каткоўская: “Міліцыя будзе ў кожным выпадку накіраваная на тое, каб усе затрыманыя па гэтых артыкулах прызнавалі сваю віну да суда. А даверу да міліцыі яшчэ менш, чым да беларускага суда. Тое, што робіцца ў судзе — адбываецца ў больш-менш публічнай прасторы. А што адбываецца ў міліцэйскіх пастарунках, мы насамрэч не ведаем”.

З тым, што даваць міліцыянтам такія шырокія паўнамоцтвы яшчэ рана, згодны нават… былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў!

Юрый Сівакоў: “Наколькі мы гатовыя сёння па ўзроўню сваёй падрыхтоўкі да гэтай акцыі – калі дэлегуюцца такія паўнамоцтвы? Павінна быць нейкая вельмі сур’ёзная адказнасць службовай асобы, якой дэлегаванае такое права – прымаць рашэнні па актах адміністрацыйнага прымусу. Інакш, калі гэта ўсё будзе беспакарана, то ўсё гэта можа пераўтварыцца ва ўсёдазволенасць”.

А каб міліцыянты не думалі, што ім зусім не давяраюць і каб ўсё ж “разгрузіць” суды, у старшыні раённага суда ёсць прапанова.

Старшыня суда: “Самагонаварэнне, захоўванне, выраб артыкул 12.43 – я думаю, што гэты артыкул можа разглядаць і орган унутраных спраў. Вось па гэтым можна вызваліць суды. Бо там няма адміністрацыйнага арышту. А вось дзе ёсць адміністрацыйны арышт, я так мяркую, трэба пакідаць за судом”.

Былы начальнік Фрунзенскага РУУС сталіцы Алег Гайдукевіч без роздуму і па ўсіх пунктах падтрымлівае прапанаваны дэпутатам законапраект “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях”. Маўляў, цяпер у міліцыі практычна няма ніякіх паўнамоцтваў. А вось калі тым жа ўчастковым дадуць права судзіць без суда, тады ў нас і будзе нарэшце наведзены парадак.

Дарэчы, караць без суда за ўжыванне алкаголю ў грамадскім месцы міліцыянты могуць і сёння – калі затрымалі першы раз. Да суда даходзяць толькі затрыманыя па другім разе. І менавіта гэтых адміністрацыйных спраў, сцвярджае старшыня раённага суда, у іх разглядаецца больш за ўсё. Праўда, ўпэўнівае, што нават разам з “дробным хуліганствам” і “дробным крадзяжом” іх колькасць далёка не даходзіць да 70% ад усіх спраў, якія разглядаюцца менавіта іх судом.

Фота: zhitomir.info, www.dubrovno.by, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі