Гайдукевіч: Каго я пасадзіў у турму — я ганаруся, што іх пасадзіў!

З пасады начальніка сумна вядомага сярод актывістаў апазіцыі ды журналістаў Фрунзенскага РУУС Мінска Алег Гайдукевіч сышоў паўгода таму. І адразу заняў пасаду намесніка старшыні ў партыі свайго бацькі — ЛДП. Зараз ён больш актыўны і гаваркі нават за Сяргея Гайдукевіча. Што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года выглядае досыць цікава.



Еўрарадыё: Такое адчуванне, што вы перахопліваеце ініцыятыву ў старшыні партыі…

Алег Гайдукевіч: Мая сённяшняя актыўнасць — гэта даручэнне партыі. Але пры гэтым і лідар партыі шмат гаворыць, ён вылучаны кандыдатам у прэзідэнты. Проста наша партыя амаладзілася, і я — прадстаўнік гэтай новай хвалі. І ў гэтай хвалі ўсе людзі пры справе: прадпрымальнікі, настаўнікі, прадстаўнікі ўлады. Для астатняй апазіцыі ўлада — гэта толькі пасада прэзідэнта. Усё астатняе іх не цікавіць. А для нас улада — гэта мясцовыя саветы, выканкамы, завод, камерцыйнае прадпрыемства. Улада — гэта ўсё, што звязана з кіраваннем і рашэннем канкрэтных пытанняў. І мая актыўнасць… Гэта яшчэ не актыўнасць, будзе яшчэ больш! Мая мэта — каб мая партыя прыйшла да ўлады. Пры гэтым мы — партыя дзяржаўная. Мы — за моцную дзяржаву кіравання, мы не хочам нічога разбураць і ламаць. Сітуацыю ж можна змяніць толькі двума шляхамі: рэвалюцыяй — эканамічнай, сацыяльнай, культурніцкай, палітычнай, наменклатурным пераваротам, Плошчай, альбо — праз выбары. Мы — за змены праз выбары. І гэта зрабіць можна. Ці вы хацелі запытацца, ці азначае мая актыўнасць, што цяперашні старшыня сыходзіць са сваёй пасады і ці хачу я стаць старшынёй?



Еўрарадыё: Гэта вы сказалі!

Алег Гайдукевіч: Лідар партыі не сыходзіць, а я… У мяне ёсць амбіцыі стаць старшынёй партыі. Але пакуль гэта не актуальна. Зараз наша задача — вылучыць свайго кандыдата і пайсці з ім на прэзідэнцкія выбары. А Сяргей Гайдукевіч — самы моцны наш кандыдат. Таму ён і вылучаецца. Але амбіцыі ў мяне ёсць. Мне пастаянна кажуць: “Сышоў з міліцыі за два гады да пенсіі”. Так, сышоў! Бо я хачу быць не міністрам унутраных спраў, а значна вышэй. І я ганаруся, што прайшоў такі шлях у праваахоўных органах. Дзмітрыеў неяк ляпнуў, што я малады палітык. Я не малады палітык! Малады палітык — гэта той, хто ў сваім жыцці нідзе не працаваў і не кіраваў нават 5 чалавекамі. А Дзмітрыеў не палітык увогуле — ён бізнесмен!



Еўрарадыё: Значыцца, вашы амбіцыі не заканчваюцца на пасадзе старшыні ЛДП?

Алег Гайдукевіч: Не, не заканчваюцца. Але вылучыцца ў 35 гадоў, паўдзельнічаць і паставіць на сваёй кар’еры крыж — мы такой памылкі не дапускаем. Ну, вылучыўся Рымашэўскі — які гэта кандыдат у прэзідэнты?! Чалавек, які нідзе не працаваў, партыі няма, 36 гадоў… А як людзі будуць галасаваць за таго, у каго за спінай нічога няма? Ці той жа Ус — гэта ж не кандыдат, а смех. А Статкевіч? Чаго ён быў на дэбатах такі злы? Здавалася, ён зараз вылезе з тэлевізара і дасць табе ў лоб! Ну, хто за такога прагаласуе?! Рэальная палітыка — гэта нешта іншае. А ў нас прывыклі да віртуальнай палітыкі. Барадач, які жыве ў інтэрнэце, — ён увогуле робіць узброенае паўстанне, войска непадпарадкавання. Дзе гэта ўсё за акном, дзе людзі з віламі? Якая б ні была сітуацыя ў краіне, мы ніколі не падтрымаем ніякую рэвалюцыю, ніколі не падтрымаем ніякі бунт, ніколі не падтрымаем ніякую правакацыю — ніколі! Падзеі 2010 года паказалі: апроч крыві, апроч таго, каб людзі пацярпелі — нічога там не было!



Еўрарадыё: Што вас так раззлавала?

Алег Гайдукевіч: Ведаеце, што мяне злуе больш за ўсё? Вось яны сябе называюць “дзекабрыстамі”. Але чаму ніхто з гэтых лідараў не паклапаціўся аб простых людзях, якія прыйшлі на Плошчу? Яны толькі пра сябе думалі! Пасядзеў тры месяцы, грант атрымаў — нічога з імі страшнага не адбылося! А людзі ім паверылі, прыйшлі і пацярпелі. Нельга было так рабіць, не так гэта ўсё робіцца. Калі ты не можаш забяспечыць бяспеку людзям — не кліч іх. Вы думаеце, мы не можам правесці зараз мітынг? Можам, але не бачым у гэтым неабходнасці і мэтазгоднасці. Але масавыя мерапрыемствы мы праводзіць будзем. Мы пакажам, што партыя існуе не толькі падчас выбараў. І ўжо паказваем. Ну, у каго яшчэ ёсць такі офіс і офісы ў кожнай абласной структуры? Ні ў каго! А гэта азначае, што за намі ёсць рэальныя людзі, рэальныя сілы…

Еўрарадыё: …рэальныя грошы…

Алег Гайдукевіч: І рэальныя грошы! Толькі гэта не фінансаванне з Усходу ці Захаду — гэта колькасць людзей. Калі ў вас ёсць тысяча людзей і калі кожны прынясе па долару, то ў вас будзе тысяча долараў на аплату арэнды офіса. Няма людзей — няма і офіса. Але мы выступаем за тое, каб партыі падтрымлівала дзяржава. Дзяржава павінна выдзяляць грошы на зарэгістраваныя палітычныя партыі — у залежнасці ад таго, колькі яна на выбарах набірае адсоткаў галасоў. Як гэта робіцца ў Расіі. Нават “Яблоко”, якое набрала толькі 3% галасоў і ў парламент не прайшло, але дзяржаўнае фінансаванне атрымала. І 3% — гэта людзі, інтарэсы якіх прадстаўляе гэта партыя. Навошта, каб яна шукала фінансаванне на выдаткі сваёй дзейнасці дзе-небудзь за мяжой?!



Еўрарадыё: Няма адчування, што міліцэйскае мінулае, якім вы так ганарыцеся, у палітыцы больш перашкаджае, чым дапамагае — імідж ваш як палітыка з водарам пастарунку?

Алег Гайдукевіч: Дапамагае! Бо людзей, удзячных мне за маю працу ў органах унутраных спраў, значна больш, чым тых, хто кажа мне за гэта “не дзякуй”. Я не памятаю ніводнага чалавека, якога незаслужана прыцягнулі да адказнасці. А калі ён пакрыўдзіўся — гэта ніяк не ўплывае. Я падпалкоўнік, афіцэр і 18 гадоў служыў не рэжыму, а краіне! Я ўсё жыццё праслужыў у АБЭЗ, раскрываў эканамічныя злачынствы, змагаўся з карупцыяй, узначаліў самае прыземленае падраздзяленне РУУС. “Дзяўбучы” працу РУУС, вы крыўдзіце простых міліцыянераў, якія за невялікі заробак ад раніцы да ночы гарбацяцца — саджаюць злачынцаў. І палітычныя мерапрыемствы ў іх працы займаюць 1%. Таму я гэтым фактам біяграфіі ганаруся і буду яго падкрэсліваць.

Пуцін увогуле служыў у КДБ і стаў прэзідэнтам — гэта яму не перашкодзіла. Не, ёсць факты, што некага міліцыянеры збілі, некага пакрыўдзілі, але гэта асобныя выпадкі, нельга агулам ганіць усю сістэму. Ды і супрацоўнікаў за гэта жорстка караюць, тэрміны даюць.

А ёсць і іншае: Рымашэўскі напісаў, што я прыкаваў кайданамі да батарэі. Рымашэўскі — гэта вельмі мілы малады чалавек. Прыйшоў у РУУС, усміхаўся, казаў: “Алег Сяргеевіч, як бы нам мець нармальныя зносіны, чым дапамагчы, што расказаць?” Я прачытаў — здзівіўся: прыйшоў, каву з гарбатай піў, сябраваць хацеў, казаў: “Ганаруся, што з вамі, Алег Сяргеевіч, пазнаёміўся, нармальны чалавек”, а выйшаў і напісаў, што я яго прыкаваў да батарэі. Навошта мне яго прыкоўваць, ён што — зэк нейкі? Каб прынізіць? Я не такі чалавек.

Прычым нібыта я асабіста яго прыкоўваў! Начальнік міліцыі — гэта такая фігура палітычная ў РУУС, якая такімі рэчамі не займаецца. У мяне кабінет, прыёмная, людзі — што я, хаджу па РУУС да батарэяў прыкоўваю?! У мяне падначаленыя ёсць, супрацоўнікі. Тады я зразумеў, што такое палітыка. Кожнае слова трэба правяраць.



Еўрарадыё: Рымашэўскі і кажа, што вы, хутчэй за ўсё, будзеце ўсё гэта абвяргаць. І як праверыць?

Алег Гайдукевіч: Апроч Рымашэўскага, ніхто рэальна ні на што не паскардзіўся. Усё астатняе было не больш чым словы ў інтэрнэце. Я калі ішоў ў палітыку, ведаў, што мяне будуць гэтым папракаць. А чым мяне больш папракнуць, як не маім міліцэйскім мінулым, што я некага прыцягнуў? Прыцягнуў — значыцца правільна зрабіў! І маё меркаванне наконт гэтых маўклівых рэвалюцый — трэба яшчэ прыцягнуць усіх, хто іх арганізаваў! Бо яны падставілі народ. Як той Дзіянаў — сядзіць за камп’ютарам за мяжой, як пацук. Што ты там сядзіш? Прыедзь, забяспеч людзям бяспеку, узначальвай, вазьмі сцяг, сядзь у турму, а не людзей падстаўляй. Да адказнасці такіх! Таму ўсіх, каго я прыцягнуў да адказнасці, — я правільна прыцягнуў. Ніякіх сумневаў у мяне няма.



РУУС ніколі не займаўся палітыкай, таму з палітычных прычынаў мы нікога не прыцягвалі. А ўсіх, каго я пасадзіў у турму за ўвесь час, пачынаючы з опера, я ганаруся, што іх пасадзіў. Бо гэта ўсе злачынцы. Альбо людзі, якія парушылі закон. Павінна быць вяршэнства закона. Бо без моцнай міліцыі, арміі, КДБ не можа быць моцнай дзяржавы. Але і крытыкаваць іх трэба, калі ёсць факты. У мяне ў РУУС таксама было рознае — звальнялі, саджалі супрацоўнікаў, якія парушалі закон.

Еўрарадыё: Значыцца, ні прыцягнення па палітычных матывах няма, ні палітычнага вышуку?

Алег Гайдукевіч: Я не бачу пакуль гэтага палітычнага вышуку. Вазьміце таго ж Саннікава — на прэзідэнцкую кампанію ён ішоў не каб перамагчы, а каб з’ехаць. І ён дамогся свайго. Ну, які палітычны вышук? Калі людзі парушаюць закон і іх прыцягваюць да адказнасці — ці ж гэта можна назваць палітычным вышукам?! Але тое, што ёсць праблемы ў дэмакратызацыі краіны, то гэта сапраўды так. Але як гэта змяніць? Толькі шляхам дыялогу. Нас папракаюць, што мы супрацоўнічаем з уладай. Супрацоўнічаем і будзем супрацоўнічаць. Ёсць добрае, што трэба падтрымліваць, і дрэннае, што трэба крытыкаваць у дзеяннях улады.



Еўрарадыё: А як жа палітзняволеныя?

Алег Гайдукевіч: Мы лічым, што яны вінаватыя ў тым, што падставілі людзей і вывелі іх на Плошчу, але дзяржава павінна іх памілаваць. Бо, знаходзячыся там, яны наносяць шкоду іміджу краіны. Яшчэ ў студзені 2010 года, пакуль усе пісалі адзін на аднаго ў КДБ, мы заявілі, што ўсіх затрыманых па справе 19 снежня неабходна адпусціць — памілаваць і не прыцягваць да адказнасці. Але адказнасці з іх я не здымаю — з-за іх людзі патрапілі пад палкі і пацярпелі.

Еўрарадыё: Пачынаеце выбарчую кампанію з вайны кампраматаў? Пасля “Гавары праўду!” вы абяцалі і пра іншых кампрамат выкласці…

Алег Гайдукевіч: Выкладзем, хоць я і супраць вайны кампраматаў. Але — народ павінен ведаць праўду! Калі яны расказвалі казкі і нейкія “Грамадзянскія дамовы” падпісвалі, мы маўчалі. Але калі яны пачалі проста хлусіць, займацца відавочным палітычным бізнесам — мы маўчаць не сталі.



Еўрарадыё: І наколькі далёка вы гатовыя пайсці ў сваім выкладанні праўды — пра бізнес сям’і Лукашэнкі не раскажыце?

Алег Гайдукевіч: Калі будзем нешта ведаць — раскажам. Мы самая сумленная апазіцыйная партыя краіны — усе астатнія хлусяць. Вы намякаеце, што апазіцыю мы будзем крытыкаваць, а ўладу — не. Уладу трэба паважаць: калі мы не будзем паважаць сённяшнюю ўладу, то не будуць паважаць і ўладу наступную. Але калі ёсць нейкія факты, пра іх трэба казаць. Мы і зараз крытыкуем уладу. Але так, як павінна крытыкаваць нармальная апазіцыя. З улікам таго, што ўладу можна памяняць толькі шляхам выбараў. І мы гэтым шляхам да ўлады прыйдзем — ці ў 2015, ці ў 2020 годзе. Мы супраць рэвалюцыі, супраць наменклатурнага перавароту, супраць любога насілля.

Ёўрарадыё: Вы амбіцыйны, харызматычны, з лёгкім языком і сувязямі ў сілавых структурах — чаму б вам не паўтарыць шлях камандзіра спецназа Чавеса?

Алег Гайдукевіч: Я супраць любога насілля. Як бы цяжка ні было, наша партыя будзе сядзець, працаваць і ісці на выбары.



Еўрарадыё: ЛДП выступіла ў падтрымку беларускай мовы — калі самі на ёй будзеце гаварыць і ці будзеце ўзнімаць пытанне наконт нацыянальнай сімволікі?

Алег Гайдукевіч: Наконт нацыянальнай сімволікі ўзнімаць пытанне мы не будзем, бо яно вельмі складанае. Я з павагай стаўлюся да нацыянальнай сімволікі, але ці не пакрыўдзім мы такой заменай тых людзей, якім сённяшняя сімволіка падабаецца? Калі людзям захочуць правесці па гэтым пытанні рэферэндум — мы падтрымаем. Што да мовы, то я пастаянна ўдасканальваю сваё валоданне беларускай мовай. І абяцаю, што буду старацца ўжываць яго як мага часцей. Бо палітык, які не валодае беларускай мовай, не можа быць палітыкам у нашай краіне. Тое ж тычыцца і чыноўнікаў. Мае старэйшая дачка значна лепш ведае мову, я ўсё для гэта зрабіў, і пастаянна размаўляю з ёй на мове.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі