Суд праваабаронцы Алены Танкачовай працягнецца 12 студзеня

У Першамайскім судзе Мінска працягваецца працэс праваабаронцы Алены Танкачовай, якая абскарджвае сваю высылку з Беларусі. На пасяджэннях 8 і 9 студзеня суддзя Наталля Петух не змагла вынесці рашэння, таму працэс працягнецца 12 студзеня, інфармуе БелаПАН.

На пасяджэнні 9 студзеня адвакат Ірына Радзькова заявіла, што органы ўнутраных спраў груба патлумачылі заканадаўства і няправільна яго ўжылі. Па словах адвакаткі, замежнага грамадзяніна (а Танкачова мае расійскае грамадзянства) могуць выслаць з Беларусі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Беларусі і іншых асоб. Паколькі парушэнне правілаў дарожнага руху не ўваходзіць у пералік прычын высылкі замежнікаў, рашэнне аб высылцы Танкачовай лічыць законным нельга, заявіла Радзькова.

Таксама сёння ў судзе выступілі прадстаўнікі інспекцыі па грамадзянскай міграцыі Першамайскага раёна горада, а таксама быў дапытаны супрацоўнік ДАІ.

У гутарцы з журналістамі пасля пасяджэння Танкачова адзначыла, што суд уважліва і дэталёва вывучае справу. Але асноўнае пытанне — якім чынам суд будзе інтэрпрэтаваць сабраныя матэрыялы і доказы.

Нагадаем, Упраўленне ўнутраных спраў Першамайскага раёна Мінска 5 лістапада прадпісала кіраўніку Цэнтра прававой трансфармацыі Алене Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь. Ёй забаронена наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады. Танкачова абскарджвае гэта рашэнне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі