Суд над Эдуардам Пальчысам ("Джонам Сільверам") будзе закрытым

Суд над Эдуардам Пальчысам (вядомым пад псеўданімам "John Silver") пройдзе ў закрытым рэжыме. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла яго жонка Вікторыя Шчукевіч. Суд над Пальчысам пачнецца 14 кастрычніка.
 
У сваім допісе Вікторыя Шчукевіч піша:

"Шоў не будзе.

Суд над Эдуардам Пальчысам Jhon Silver пройдзе ў закрытым парадку. Пра гэта напісана ў позве, якую атрымаў Эдуард. Яго прызнаюць вінаватым у распальванні міжнацыянальнай варожасці за выказванні пра Расію як пра агрэсара і носьбіта патэнцыйнай пагрозы для незалежнасці Беларусі. А таксама вінаватым у распаўсюдзе парнаграфіі. Ці трэба казаць, што порна-артыкул з'яўляецца тады, калі чалавека пасадзіць няма за што, але вельмі хочацца. Прыклад Дзмітрыя Паліенкі — яшчэ адно таму пацвярджэнне.

За зачыненымі дзвярыма мы згуляем у цікавую гульню, на якой прадстаўнікі праваахоўнай, судовай сістэмы выканаюць ролю дурных блазнаў, будуць жангляваць словамі і паказваць фокусы з падменай паняццяў.

Ператоргванне выказванняў, пазбаўленыя логікі высновы стануць "доказнай базай". Судовы працэс закрываецца, каб схаваць ганьбу і фіяска следства, пракуратуры і суда. Але потым гэтыя людзі скончаць крыўляцца, падбяруць смаркачы і выпаўзуць з-за зачыненых дзвярэй, каб на ўсю краіну абвясціць, што Эдуард Пальчыс экстрэміст і парнаграфію.

Так што шоў адбудзецца. Але вы яго не ўбачыце".

Пальчыс набыў вядомасць як аўтар і стваральнік сайта 1863x.com, на якім друкаваліся матэрыялы патрыятычнай скіраванасці. Тым не менш суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў дзевяць матэрыялаў сайта экстрэмісцкімі.