За мінулыя суткі перабоі ў электразабеспячэнні зафіксаваныя ў 426 населеных пунктах краіны, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.
Над ліквідацыяй аварый працуюць 342 чалавекі ды 133 адзінкі тэхнікі. Аднаўленчыя работы працягваюцца зранку 12 снежня.
Найбольш адчувальнымі наступствы ледзянога дажджу і снегападаў былі ў Мінскай вобласці.
На панядзелак сіноптыкі таксама абвясцілі ў Беларусі аранжавы ўзровень небяспекі. Чакаюцца мокры снег, дождж, галалёдзіца, месцамі — моцны парывісты вецер. Магчымае абледзяненне правадоў і наліпанне на іх мокрага снегу.