Вы тут

“Стварыць ячэйку ў Варшаве”. Беларусам прыходзяць дзіўныя прапановы ад імя БРСМ

Фота Андрэя Маслякова з "Вконтакте". Калаж Еўрарадыё

Беларусам, якія жывуць у Варшаве, пачалі прыходзяць дзіўныя прапановы ад чалавека, які называе сябе Андрэем Масляковым. Ён прадстаўляецца сябрам ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і прапануе падпрацоўку:

“Мы хочам стварыць ячэйку БРСМ у Варшаве, і нам патрэбныя надзейныя людзі. Сутнасць простая: ладзіць розныя мітынгі, падтрымліваць Бацьку, пісаць розныя посты, ну і прасоўваць эканамічную мадэль у Польшчы праз людзей, з якімі мы вас пазнаёмім”.

За гэта Андрэй Маслякоў абяцае гарантаваны заробак у 200 рублёў за месяц і прэмію.

 

Хто ён такі?

Профіль Маслякова “ВКонтакте” даволі дзіўны. Ён паведамляе пра сябе, што нарадзіўся 10 жніўня 1978 года ў Слуцку. У сябрах у яго супрацоўнік Радыё “Свабода” Франак Вячорка, актывіст руха “За Свабоду!” Павел Батуеў, колішні сябар крыла АГП “Маладыя дэмакраты”, а цяпер варшаўскі студэнт Даніла Барысевіч. Але статус “Нет фашизму в Белоруссии! Слава Лукашенко! Жыви союз с Россией!” [арфаграфія захаваная. — Еўрарадыё] выключае магчымасць сяброўства са згаданымі асобамі.

На старонцы ёсць некалькі фотаздымкаў са сцягамі БРСМ, з беларускай дзяржаўнай сімволікай. На адзін з іх Маслякоў відавочна прыфаташопіў свой твар! Паглядзіце, што атрымалася:

 

Андрэй Маслякоў піша пра сябе, што з’яўляецца сакратаром ячэйкі БРСМ у пасёлку Акцябрскі. Тым самым, дзе нарадзілася Ксенія Дзягелька, аўтарка хіта “Мы из деревни”. У размове з Еўрарадыё мужчына пацвярджае, што прадстаўляе Акцябрскі БРСМ.

Але сапраўдная сакратарка ячэйкі БРСМ у пасёлку Акцябрскі расчароўвае Еўрарадыё: пра Андрэя Маслякова яна ніколі не чула:

“У нас няма такога Андрэя Маслякова. Сакратарка — гэта я. І спецыяліст яшчэ. І усё. У нас такіх людзей няма ні ў штаце, ні ў рэзерве”.

Грамадскі актывіст Андрэй Павук, які жыве ў Акцябрскім, прыгадвае, што ўжо сутыкаўся з Масляковым:

“Ён дакладна не з нашага мястэчка, проста выбраў яркі маяк. Троліў, БРСМ абагаўляў. І, здаецца, сцвярджаў, што гэта ён прадзюсар Дзягелька”.

Ячэйка БРСМ у Варшаве — “гэта эксперымент”

Маслякоў нечакана пацвярджае Еўрарадыё і тое, што неўзабаве будзе створаная суполка БРСМ у Варшаве:

“Пакуль гэта сакрэт, толькі асаблівыя людзі пра гэта ведаюць. Хто вам сказаў? Пакуль не можам распавесці, гэта эксперымент”.

 

На гэтым перапіска перарываецца.

Шчыра, мы не раілі б варшавянам супрацоўнічаць з гэтым персанажам. Нават за 200 рублёў і прэмію.