Вы тут

"Ствараў нервовую абстаноўку”: за што выганяюць з участкаў

11 верасня — асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў, але некаторыя назіральнікі ўжо пакінулі свае участкі.

"Я напісаў скаргу на старшныю камісіі, размаўляў з прадстаўнікамі АБСЕ. А фармальная падстава — я хацеў сфатаграфаваць скрыню для датэрміновага галасавання. Нават без папярэджання", — Віктар Кулак, былы назіральнік на 637 мінскім участку ад кампаніі "Права выбару".

Гэта той самы "студэнцкі" участак, дзе галасуе амаль 50% у першы ж дзень датэрміновага галасавання.

"Стварае нервовую абстаноўку" — з такой фармулёўкай выганяюць з участка 191 у Мінску назіральніка Аляксандра Чарняўчыка. Ён гучна размаўляе па тэлефоне:

"У мяне гучны голас, я выйшаў у фае і размаўляю з аператарам, дакладваў абстаноўку, што няма выніковага пратакола і я хачу пісаць скаргу. І мне сказалі, што я ствараю нервовую абстаноўку".

Таццяну Водзіч выдаляюць з участка 103 у Мінску, бо на яе паступае дзве скаргі: ад выбаршчыка і назіральніцы ад "Белай русі":

"Учора запрасілі на паседжанне камісіі і сказалі, што паступілі дзве скаргі. Прозвішчы не назвалі".

"Грубіць і і перашкаджае працы камісіі" назіральнік Сяргей на 207 мінскім участку:

"Іх пакрыўдзіла, што я размаўляў з прадстаўнікамі місіі АБСЕ".

Дзмітрый Комар, назіральнік на 197 мінскім участку "прыстае да выбаршчыкаў":

"Я заўважыў людзей, падобных на "карусельшчыкаў" і ўжо на выхадзе хацеў у іх прапіску паглядзець. І іншы назіральнік паскардзіўся, што я прыстаю да выбаршчыкаў".

Назіральніка Дзмітрыя Кавалгіна пазбаўляюць акрэдытацыі, калі ён назірае за галасаваннем на даму.