Вы тут

Стваральніца ФБ-суполкі "Хопіць баяцца!" вымушана з'ехала з Беларусі

Таццяна Мартынава / Facebook

Мінская рэстаратарка і стваральніца апазіцыйнай ФБ-суполкі "Хопіць баяцца!" Таццяна Мартынава раніцай 1 ліпеня з'ехала з Беларусі. Напярэдадні ў кавярню "Пятніца", якой валодае Мартынава, прыйшлі з праверкамі міліцыя, падатковая служба і аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

"Гэта было няпростае рашэнне, але занадта шмат дасведчаных людзей напісалі мне, што менавіта сёння ці максімум заўтра мяне завінцяць, — тлумачыць свой ад'езд Таццяна Мартынава. — У мяне быў выбар. Ці прыняць затрыманне, ці з'ехаць з РБ і працягнуць тое, што я сёння лічу важным і патрэбным. Я суткі думала. і потым вырашыла, што змагу быць больш карыснай на волі".

Па словах адчайнай жанчыны, затрымаць яе спрабавалі амаль адразу пасля ад'езду: "Прам са святламузыкай".

Наконт свайго бізнеса Мартынава не мае ілюзій: "Бар хутчэй за ўсё закрыюць ці адціснуць". "У мяне ніводнай запазычанасці, і я да гэтага часу не ў стратах. Што яны страцяць? Няшмат. Дзяржарэнду своечасова, камунальныя і пенсію пары-тройцы людзей сталага веку. Што губляю я? Стабільны прыбытак і намоленае месца, дзе заўсёды збіраліся годныя людзі" , — працягвае яна.

У суполцы "Хопіць баяцца!" — 26 тысяч чалавек. Там шмат крытыкі беларускіх уладаў. У апошні час там актыўна абмяркоўваюць падзеі цяперашняй выбарчай кампаніі. Мартынава збіраецца адміністраваць суполку ў вымушанай эміграцыі.

Таццяна Мартынава падчас разгону пратэстнай акцыі ў Мінску / Facebook

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.