Студэнты БДУ перамаглі ў “TopCoder Open”

Студэнты факультэта прыкладнай матэматыкі і інфарматыкі (ФПМІ) БДУ выйгралі спаборніцтвы па спартовым праграмаванні "TopCoder Open", якія праходзілі ў Мінску 26 красавіка.

Першае месца заняў студэнт чацвёртага курсу Аляксей Тоўсцікаў, другое – аспірант ФПМІ Яўген Ганчар, на трэцім месцы – навучэнец сярэдняй школы № 41 г.Мінска Зміцер Рудаль.


У мінскім турніры прымалі ўдзел 75 чалавек. Спаборніцтвы праходзілі ў рэжыме анлайн адначасова ў БДУ і БДУІР. За 70 хвілін канкурсантам неабходна было рашыць тры алгарытмічныя задачы. У якасці дадатковага задання, на якое адводзілася яшчэ 15 хвілін, патрабавалася адшукаць памылкі ў праграмах супернікаў.


Турнір "TopCoder Open" з'яўляецца неафіцыйным чэмпіянатам свету па праграмаванні ў індывідуальным заліку. У спаборніцтвах штогод прымаюць удзел тысячы праграмістаў.


Рэйтынг па спартовым праграмаванні "TopCoder" прыраўноўваецца да сусветнага. У ім зарэгістраваная 51 краіна і 5.202 гульцоў. Беларусь займае 12-ю пазіцыю. Лепшы беларускі ўдзельнік – пяцікурснік ФПМІ БДУ Ян Мяцельскі – зараз знаходзіцца на 18-м месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі