Вы тут

Страшна пражыць жыццё, ківаючы галавой: дактары пра звальненне і доўг $25 тысяч

Вячаслаў і Юлія / Фота з асабістага архіва

Юлія і Вячаслаў — нядаўнія выпускнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Абое звольненыя з Пінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пасля таго, як прынеслі заявы на забастоўку. Яны былі вымушаныя з'ехаць за мяжу, баючыся за сваю свабоду. І засталіся з доўгам каля $25 тысяч за тое, што не адпрацавалі размеркаванне.

— Мы з'ехалі з краіны, таму што баімся крымінальнага пераследу. 29 кастрычніка нас шукаў следчы, — расказвае Еўрарадыё Юлія пасля ад'езду з Беларусі. — Думаю, як і іншым актывістам у Пінску, нам хацелі задаць пытанні: колькі нам заплацілі? Як мы звязаліся з Ціханоўскай? На якія сродкі жывём?

Гісторыя пачалася, калі Вячаслаў, муж Юліі, прыехаў у Пінск па размеркаванні.

— Я яшчэ давучвалася ў той час у медыцынскім універсітэце — шосты курс. Летам у мяне былі дзяржаўныя экзамены, але быў перыяд збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. У перапынках паміж госамі я ездзіла і дапамагала збіраць іх за Святлану Ціханоўскую. Я была валанцёрам, а мой муж — сябрам ініцыятыўнай групы, — кажа Юлія.

У той час быў створаны тэлеграм-канал "Пинск для жизни". Праз тое, што Юлія і Вячаслаў былі ў ім актыўныя, ім прапанавалі стаць адміністратарамі. Неўзабаве Вячаславу, як і многім іншым актывістам, прынеслі позву ў пракуратуру.

Юлія і Вячаслаў хаваюцца ад залевы падчас збору подпісаў / Фота з асабістага архіва

"Крыміналам" пагражалі яшчэ да выбараў

— Там было сказана, раз мы адміністратары канала, мы будзем несці адказнасць за тое, што людзі там пішуць нецэнзурную лаянку, заклікаюць да гвалту. Прычым гэта адказнасць будзе ад адміністрацыйнай да крымінальнай. Мы вырашылі зняць з сябе паўнамоцтвы адміністратараў, каб далей працягваць барацьбу на волі.

Неўзабаве Вячаслаў атрымаў "суткі" за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ён адседзеў іх з 7 да 22 жніўня, а 23-га яго зноў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. З фота, якія "даказваюць" гэта, прыходзілі дадому да яго мамы. Калі доктар прыйшоў у міліцыю, аказалася, што на здымках не ён. Справу прыпынілі.

— Па месцы прапіскі майго мужа быў ператрус. Адабралі тэхніку, апісвалі рэчы: адзін унітаз, адно бідэ, адзін тэлевізар і гэтак далей. Яшчэ яму спрабавалі ўручыць позву ў міліцыю, нібыта ён сведка, — кажа Юлія. — А 26 кастрычніка ён напісаў заяву аб забастоўцы. На чацвер і пятніцу перад забастоўкай узяў выхадныя за свой кошт, бо мы меркавалі, што яго паспрабуюць там закрыць ці яшчэ што-небудзь.
 

"Звольніць і жонку любой цаной"

Тады Вячаслава і звольнілі, прычым за прагулы ў тыя дні, калі ў яго былі выхадныя за свой кошт. Сказалі, што галоўны доктар не падпісваў заявы аб адгулах.

Галоўны доктар Пінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Вашчук каментаваць звальненне маладых спецыялістаў адмовіўся — прапанаваў напісаць пісьмовы запыт.

— На самай справе загад ішоў зверху. Прычым, як мне расказалі добрыя людзі, была каманда звольніць і жонку любой цаной. Вымова была за тое, што ён нібыта спазніўся ў першы свой працоўны дзень на гадзіну. Гэта значыць, яны знайшлі спосаб яго звольніць, — падкрэслівае Юлія. — Я разумела, што проста ніколі ў жыцці не змагу змірыцца з тым, што працую на арганізацыю, якая вось так ставіцца да людзей.

Дзяўчына ўспамінае, як пры размеркаванні студэнтам расказвалі пра велізарныя сацыяльныя гарантыі і падтрымку маладых спецыялістаў.

— А тут яго звальняюць проста за тое, што ён грамадзянін, які мае сваё меркаванне і не зрабіў нічога дрэннага, — бядуе суразмоўніца. — Я таксама напісала заяву на забастоўку. Яно ад 29 чысла. На наступны дзень мне напісала начальніца, што звольнілі і мяне.

Заява Юліі на забастоўку

Для звальнення трэба тры вымовы, але Юлія адсутнічала на працы толькі адзін дзень, значыць, у яе адна вымова. Па словах дзяўчыны, вялікая частка калег іх падтрымлівае, але баіцца выказваць сваё меркаванне: ва ўсіх дзеці, сем'і, крэдыты.

Скрыншот перапіскі Юліі з супрацоўніцай Пінскага ЦГіЭ

Уляцелі на $20-25 тысяч

Паколькі Юлія і Вячаслаў вучыліся на бюджэце, цяпер ім трэба вярнуць грошы за навучанне — каля $20-25 тысяч.

— Спадзяёмся на падтрымку і салідарнасць людзей. Трэба будзе гэту суму неяк збіраць. З юрыстамі і адвакатамі мы размаўлялі. Адзінае, што нам сказалі: калі не пагасім запазычанасць, будзе арышт маёмасці, якая запісана на нас. Гэта значыць, бацькам давядзецца даказваць, што, напрыклад, дома іх тэхніка.

Юлія і Вячаслаў адзначаюць, што не хацелі б гэтага, і перажываюць за бацькоў, якія іх падтрымалі.

— Ім, вядома, цяжка. За шэсць гадоў нашага навучання былі патрачаны непасільныя фізічныя, матэрыяльныя, маральныя рэсурсы нашых бацькоў. Ім балюча глядзець на тое, што дзеецца. Але мы займелі ад іх вялікую падтрымку. Нягледзячы на тое што Слававай маме 66 гадоў, яна гэта ўспрыняла, натуральна, не без перажыванняў, але з разуменнем, што віны нашай тут няма. Віной усяму палітычны пераслед.
 

"Шалёна любім сваю краіну"

Цяпер маладая сям'я ва Украіне, адтуль плануюць адправіцца ў Польшчу. Грошы на пераезд ім дапамаглі сабраць калегі, убачыўшы допіс у тэлеграм-канале "Белые халаты".

Юлія і Вячаслаў ва Украіне / Фота з асабістага архіва

— Мы вельмі ўдзячныя. Далей будзем шукаць працу. Трэба неяк існаваць, наладжваць сваё жыццё. І натуральна, калі мы атрымаем перамогу, мы вернемся ў Беларусь, таму што шалёна любім сваю краіну. Ведаеце, тое, што мы ўляцелі на гэты доўг, не страшна. Страшна жыць, увесь час ківаючы галавой, не маючы сваёй волі, — заключае Юлія.

Калі вы хочаце падтрымаць Юлію і Вячаслава, напішыце нам у "Телеграм" @euroradio_minsk — і мы дапаможам з імі звязацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.