Стэфановіч: Адмова ў рэгістрацыі “Вясны” – палітычная дыскрымінацыя

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі грамадскаму аб'яднанню "Наша Вясна". Падставай для такога рашэння сталі сумненні чыноўнікаў, што ўдзельнікі ўстаноўчага сходу маглі змясціцца ў памяшканні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, памылка ў квітанцыі і ранейшае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці некаторых з заснавальнікаў аб'яднання, ды іншыя прычыны.
У інтэрв’ю Еўрарадыё адзін з заснавальнікаў грамадскага аб’яднання “Наша Вясна” Валянцін Стэфановіч расказаў, што некаторыя прэтэнзіі Мінюста ўвогуле смешныя.

Валянцін Стэфановіч: “Прэтэнзіяў там вельмі шмат. Некаторыя ўвогуле носяць анекдатычны характар, якія цяжка нават з пункту гледжання правоў агучваць. Напрыклад, тое, што я, выступаючы на арганізацыйным сходзе, утаіў мэты арганізацыі. Нібыта я агучыў адну, а астатнія ўтаіў”.

Акрамя таго, іншыя прэтэнзіі проста не могуць быць падставай для нерэгістрацыі, зазначыў Валянцін Стэфановіч:

“Ну, а таксама спадар Харытон вылічыў, што 53,7% заснавальнікаў арганізацыі раней неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці і не з’яўляюцца законапаслухмянымі грамадзянамі. У законе такой падставы для нерэгістрацыі, як законанепаслухмянасць грамадзянаў, няма”.

На думку спадара Стэфановіча, лібералізацыя ў Беларусі адбываецца толькі на ўзроўні палемікі. Ён таксама назваў адмову ў рэгістрацыі дыскрымінацыяй заснавальнікаў праваабарончага цэнтру Вясна па палітычных матывах, і збіраецца абскарджваць рашэнне Мінюста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі