Вы тут

Статыстыка Мінздароўя па COVID-19 не сыходзіцца па тых, хто паправіўся

Мінздароўя Беларусі / БелТА

Днём 4 красавіка Міністэрства аховы здароўя апублікавала свежую статыстыку па распаўсюдзе COVID-19 у Беларусі. Па афіцыйных дадзеных, 394 чалавекі знаходзяцца "на стацыянарным лячэнні з каранавіруснай інфекцыяй", 41"пасля лячэння паправіўся", зарэгістравана "5 выпадкаў смерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворванні былі абцяжараныя каранавіруснай інфекцыяй".

Пост за 4 красавіка ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя Беларусі

Гэтыя дадзеныя не сыходзяцца са звесткамі, якія Міністэрства аховы здароўя апублікавала двума днямі раней. 2 красавіка ведамства адчыталася аб 254 пацыентах з каранавіруснай інфекцыяй ў лякарнях і яшчэ 46, якія "паправіліся і выпісаныя з медыцынскіх устаноў". Пазней намесніца міністра Алена Богдан патлумачыла, што ў лік "выпісаных" уваходзяць 4 памерлых пацыентаў. А значыць, "паправіліся і выпісаныя" па стане на 2 красавіка — 42 пацыенты.

Фрагмент поста за 4 красавіка ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя Беларусі

Такім чынам, колькасць пацыентаў з пацверджаным COVID-19, якія паправіліся, у Беларусі за два дні не проста не павялічылася, а, наадварот, скарацілася — на 1. Што ты скажаш на гэта, Міністэрства аховы здароўя?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.