Статкевіч: Здолеў бы зрабіць выбары нелегітымнымі, але мяне выгналі з турмы

У суботу стала вядома пра тое, што Лукашэнка перад выбарамі памілаваў шасцярых палітвязняў. Ужо каля дзясятай вечара на Усходнім аўтавакзале некалькі соцень чалавек чакалі былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Міколу Статкевіча, які адсядзеў у няволі амаль 5 гадоў.

Палітык прыехаў на Усходні вакзал на маршрутцы. Яго тут жа абступіў натоўп, і нават жонка Марына Адамовіч не адразу змагла да яго прабіцца.

“Для мяне нечаканая такая колькасць людзей. Тры гадзіны таму я патэлефанаваў жонцы. Кіроўцу аўтобуса, пакуль ехаў сюды, патэлефанавалі і пыталіся: “Каго ты там вязеш, столькі людзей сабралася!”.

Дзякуй вам за падтрымку. Я хачу падзякаваць тым, хто падтрымліваў мяне і не страчваў надзею на свабоду Беларусі. Безумоўна, ніякага прашэння аб памілаванні я не напісаў і ніколі не зрабіў бы гэтага”.

Статкевіч на волі. Першыя фота

Статкевіч пра тое, як даведаўся пра вызваленне і для чаго гэта было зроблена

“У 16 гадзін мне сказалі збіраць рэчы, але не сказалі для чаго. Сабраў рэчы, потым далі распісацца за грошы, якія на маім рахунку. Пасля гэтага стала вядома, што вызваляюць.

Я не спадзяваўся, што Лукашэнка вызваліць мяне да выбараў. Але, відаць, у дыктатуры скончыліся грошы і яна будзе імітаваць дэмакратыю. Можа здарыцца так, што ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты прызнаюць выбары.

Трэба збірацца і размаўляць. Думаю, я далей буду працягваць тое, што рабіў: працаваць для вольнай Беларусі. Але першыя дні хацеў бы пабыць з роднымі. Разам з тым буду сустракацца з кіраўнікамі апазіцыйных арганізацый”.

Статкевіч даў зразумець, што вызваленне было для яго нечаканым і ў нейкім сэнсе нават змяніла планы.

“У мяне быў варыянт, што рабіць, калі я сядзеў. Цяпер яго няма. Не ведаю. Я там здолеў бы гэтыя выбары зрабіць нелегітымнымі, але мяне выгналі”, — эмацыйна выказваецца экс-кандыдат у прэзідэнты і ўжо экс-палітвязень.

 

Умовы ў няволі і сённяшні стан здароўя

“Цяжкія для мяне былі не нейкія рэзкія ўздзеянні, а, мабыць, само доўгае знаходжанне там. Адна камера — 35 крокаў. Другая камера завецца прагулачным дворыкам. І вось так цэлымі гадамі. У няволі не страшны канфлікт, гэта наадварот неяк падтрымлівае. Наадварот, калі яны цябе не чапаюць і не чапаюць вельмі доўга — гэта цяжкавата".

На пытанне пра здароўе Мікалай Статкевіч заявіў, што жыццё ў калоніі не зламала яго ні фізічна, ні маральна:

“Як здароўе? Не дачакаецца! Выдатна!”

Пра жонку Марыну Адамовіч

Журналісты так шчыльна абступілі Статкевіча, як у Беларусі не абступаюць нават алімпійскіх чэмпіёнаў падчас сустрэчы ў аэрапорце. Да палітыка не магла дабрацца нават яго другая палова.

“Куды падзелі маю жонку?” — урэшце не стрымаўся Статкевіч. Пасля гэтага для Марыны Адамовіч зрабілі жывы калідор і яна прабралася да мужа.

“Я на ўсё жыццё запомню тую сустрэчу ў судзе, калі яна была з кіёчкам і сказала: “Ну, дзякуй богу, што разбілі тую машыну, але, затое, сустрэліся” (аднойчы падчас паездкі да мужа Марына Адамовіч трапіла ў ДТЗ). Нам не давалі пабыць разам і нават дакрануцца адно да аднаго ўсе гэтыя гады. Маглі бачыцца адзін ці два разы на год праз шкло цягам дзвюх гадзін. Мне яна пісала пра людзей, якія дасылалі паштоўкі, але я значную частку не атрымліваў. Хачу падзякаваць і тым мужным людзям, якія штогод рабілі каля турмы ў мой Дзень нараджэння феерверкі. Я іх не бачыў, але вельмі добра чуў. Дзякуй за падтрымку. Я не адчуваў сябе ў роспачы ці дэпрэсіі. Адчуваў, што я ў працэсе, што нешта раблю для Беларусі самім фактам знаходжання там. Цяпер трэба думаць, як па-новаму дапамагаць”.

Вязень з асаблівым статусам

“Я запомніў з боку іншых асуджаных такую фразу: Да вас ставяцца нібыта вы 30 чалавек замачылі”, — адказвае Статкевіч на пытанне, ці было да яго ў калоніі спецыфічнае стаўленне.

Пра падштурхоўванні да эміграцыі: Ні за што

“Вы, галоўнае. не з’язджайце з Беларусі!” — выкрыкнулі Статкевічу з натоўпу.

“Ні за што! Унутрыкамерныя агенты ўвесь час задавалі адно і тое ж пытанне: ці збіраюся я з’ехаць з Беларусі. Не. Мне ўжо надакучыла гэта, і я пачаў адказваць: “Ды я моваў не ведаю, што я там буду рабіць”. І мне дазволілі вывучаць англійскую мову на курсах “Ешка”. І — гэта неверагодна — прыносілі ў камеру плэер і дыскі. Толькі, вось, вывучы і з’едзь. Я вучыў, безумоўна. Але адразу казаў, што толькі на два тыдні максімум з’еду, але не больш. Не дачакаецца. Я разумею, што мяне могуць выціскаць з краіны, такі вопыт у іх ёсць. Я нават не ведаю, які у мяне цяпер будзе статус. Прэвентыўнае ці прафілактычнае назіранне. Мне нічога не сказалі”.

Што здарылася на Плошчы-2010 і што будзе ў дзень галасавання-2015?

Еўрарадыё: На ваш погляд, людзі самі пайшлі да Дому ўрада ці гэта была аперацыя спецслужбаў?

Мікола Статкевіч: Я думаю, людзі пратэставалі супраць таго, што робіцца ў краіне. Супраць імітацыі выбараў, супраць несвабоды.

Еўрарадыё: Чаго чакаць падчас сёлетняга галасавання?

Мікола Статкевіч: Я не ведаю. Я столькі часу не быў на волі! Не адчуваю сітуацыі тут. Дайце мне крышку разабрацца ў сітуацыі. Дзякуй вам!

Дарэчы, сярод тых палітыкаў, якія спрабуюць стаць кандыдатамі ў прэзідэнты на выбарах 2015 года, журналісты на аўтавакзале нікога не сустрэлі. Былі лідар БНФ Аляксей Янукевіч і Андрэй Дзмітрыеў з "Гавары праўду", прыйшлі пісьменнік Уладзімір Арлоў, былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Зміцер Дашкевіч.

З аўтавакзала Статкевіч з’ехаў на старэнькім “Опелі Астра”. За стырном была жонка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі