Старшыня Партыі БНФ: Падтрымка Караткевіч была памылкай

Старшыня Партыі БНФ: Падтрымка Караткевіч была памылкай

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць падтрымку ў пачатку выбарчай кампаніі экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч сваёй памылкай. Пра гэта ён заявіў 17 кастрычніка падчас паседжання сойму арганізацыі ў Мінску, перадае БелаПАН.

Спачатку партыя падтрымала Караткевіч як прадстаўніка кааліцыі “Народны рэферэндум” і прымала ўдзел у зборы подпісаў за яе вылучэнне, аднак 29 жніўня адмовілася ад далейшай падтрымкі. Са словаў Янукевіча, ён спадзяваўся, што Караткевіч стане кандыдатам ад “Народнага рэферэндума”, аднак кампанія “Гавары праўду” атрымала свайго кандыдата і не была настроеная дамаўляцца.

Пры гэтым адмова ад далейшай падтрымкі Караткевіч на выбарах дазволіла “мінімізаваць негатыўныя наступствы” прынятага раней рашэння, лічыць старшыня Партыі БНФ.

Ён станоўча ацэньвае вынікі ўдзелу ў выбарчай кампаніі для самой Караткевіч, якая “выйшла на агульнанацыянальны ўзровень, увайшла ў гісторыю як першы кандыдат-жанчына” і “вырасла як публічны аратар”. Але ж сама кампанія была слабай і адарванай ад рэчаіснасці.

Янукевіч таксама адзначыў, што былі надзеі на высокі рэйтынг у Караткевіч, які прымусіць улады весці з ёй дыялог, але “гэтая праца на рэйтынг не прынесла выніку”.

Фота: Bymedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі