Вы тут

Стала вядома, як у СНБА адрэагавалі на ідэю накіроўваць мігрантаў ва Украіну

Лагер мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы / БЕЛТА / ТАСС

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў раскрытыкаваў ідэю далучыць краіну да прыёму мігрантаў з беларуска-польскай мяжы, паведамляе Громадське. Раней гэта прапанаваў дэпутат Бундэстага і прэс-сакратар фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Нільс Шмід.

"На пасяджэнні СНБА мы гэтую заяву разглядалі. У нас ёсць прапанова да сацыял-дэмакратаў Германіі ўзяць бежанцаў дадому па два, па тры, па пяць. Калі мала месца, у іх там ёсць кабінет у Бундэстагу — няхай яны бяруць іх да сябе. З якога перапуду мы іх павінны браць да сябе, калі немцы пра іх павінны клапаціцца?" — заявіў Данілаў на брыфінгу пасля пасяджэння Савета.

Сакратар СНБА лічыць дзіўным, што Нямеччына кажа Украіне, што ёй рабіць з мігрантамі.

Шмід, чыя фракцыя з'яўляецца самай вялікай у Бундэстагу, прапанаваў размясціць бежанцаў ва Украіне да таго часу, пакуль ЕС разглядае іх заяўкі аб прадастаўленні прытулку, піша Deutsche Welle.

Сітуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы ўскладнілася ў панядзелак, калі да польскай мяжы з беларускага боку падышлі некалькі тысяч мігрантаў з краін Блізкага Усходу, якія жадаюць перабрацца ў Еўрасаюз.

Як паведамляла Еўрарадыё, Украіна мае намер падвоіць колькасць памежнікаў на дзяржаўнай мяжы з прычыны пагрозы таго, што ў краіну могуць патрапіць нелегальныя мігранты з Беларусі. Да аховы граніцы таксама прыцягнуць рэзервы з Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.