Польшча ўнесла ў спіс непажаданых замежнікаў 2300 беларусаў

Паліцыя ў Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Паліцыя ў Польшчы, ілюстрацыйнае фота / Reuters

На сёння ў польскім рэестры непажаданых замежнікаў наліччваецца 40 971 чалавек. Сёлета ад 1 студзеня па 30 верасня ў спіс было дададзена 19 738 чалавек. Такія лічбы паведаміла выданню rp.pl Катажына Сівак з Упраўлення па справах замежнікаў.

Найбольшую колькасць удзельнікаў рэестра складаюць украінцы — 14 300 чалавек. Следам за імі ідуць грузіны (больш за 4000) і расіяне (3500). Беларусы займаюць чацвёртае месца — 2300 асобаў.

У Польшчы адзначаюць, што гэты рэестр працягвае расці, бо ўсё больш замежнікаў выкрываюць у злоўжываннях і парушэннях закона. За апошнія паўтара года пакаранні за гэта ўзмацніліся: парушальнікаў высылаюць з забаронай на ўезд на тэрмін да 10 гадоў.

Паведамляецца, што за дзевяць месяцаў 2026-га было прымусова дэпартавана 2500 замежнікаў — гэта на 1000 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Найбольшы рост зафіксаваны сярод украінцаў — з 790 да 1420 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.