Стала вядома праграма свята "Каласавіны", прысвечанага Якубу Коласу

Стала вядома праграма свята "Каласавіны", прысвечанага Якубу Коласу

У сераду, 3 лістапада, у Беларусі будзе адзначацца дзень нараджэння народнага паэта Якуба Коласа. Па традыцыі, у гэты дзень пройдзе шмат розных мерапрыемстваў, паведамляе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

У 9.30 у Мінску адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка пісьменніку на плошчы яго імя. Затым пачнецца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Каласавіны". Мерапрыемства ладзіцца ў Беларусі з 1985 года. Сёлета канферэнцыя прысвечана 115-годдзю пачатку творчай дзейнасці Коласа.

Пасля гэтага ў 15.00 музей урачыста адкрые часовую экспазіцыю "Ў той песні, шырокай, як свет…". Выстава прысвечана 100-годдзю першага выдання зборніка алегарычных апавяданняў Коласа "Казкі жыцця".

"Алегарычныя апавяданні Якуб Колас пісаў з 1906 года да апошніх дзён, хаця і з вялікім перапынкам у 1930-1940-я гады. Напрыканцы свайго жыцця пісьменнік рыхтаваў "Казкі жыцця" да перавыдання, якія асобнай кнігай апошні раз выходзілі только ў 1928 годзе. На экспазіцыі прадстаўлены гэты зборнік з праўкамі Коласа, пераклады некаторых апавяданняў на англійскую, французскую і таджыкскую мовы", — паведамляе адміністрацыя музея. 

Свята прадоўжыцца ў чацвер, 4 лістапада. У гэты дзень "Каласавіны" перамесцяцца на малую радзіму паэта ў Стаўбцоўскі раён. У праграме запланавана наведванне мемарыяльных сядзібаў, канцэрт з удзелам творчых калектываў і ўскладанне кветак да помніка паэта ў вёсцы Мікалаеўшчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі