Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які загінуў за Украіну

Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які загінуў за Украіну

Украінскі сайт sknews.net з Чарнігава паведаміў пра яшчэ аднаго этнічнага беларуса, які загінуў у баях за Украіну.

Уладзіміру Блізнюку было 26 гадоў. Яго бацькі Уладзімір і Алена — родам з Беларусі. Маці, Алена Беляванцава, — артыстка размоўнага жанру. Бацька — былы вайсковец, падпалкоўнік. Сваім часам бацька скончыў Чарнігаўскае лётнае вучылішча, таму сям'я і пераехала ва Украіну.

Па словах маці, Уладзімір вучыўся на завочным юрыдычным факультэце, але скончыць яго не змог, бо з шостага курса ўніверсітэта накіраваўся на перадавую. Дарэчы, калі ва Украіне пачалася вайна, бацька і сын Блізнюкі разам пайшлі запісвацца добраахвотнікамі. Бацьку не ўзялі з улікам узросту. Уладзімір пайшоў служыць у 13-ы тэрытарыяльны батальён.

Ён загінуў 6 верасня 2014 года ў станіцы Луганскай, калі паводле Мінскіх пагадненняў агонь мусіў быць спынены. Будынак, дзе знаходзіўся Блізнюк, быў абстраляны з мінамётаў, і хлопец памёр ад страты крыві. 

Дарэчы, беларускія дыпламаты адрэагавалі на гібель Уладзіміра Блізнюка. Амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал падчас наведвання Чарнігава сустракаўся з Аленай Беляванцавай, выказаў ёй спачуванні і падарыў беларускі нацыянальны касцюм.

У 2016 годзе Уладзіміра Блізнюка пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам "За мужнасць" ІІІ ступені.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі