Стала вядома, калі адчыняць трэцюю лінію мінскага метро

Стала вядома, калі адчыняць трэцюю лінію мінскага метро

Сёлета будуць уведзеныя ў эксплуатацыю чатыры станцыі трэцяй, Зеленалужскай, лініі метро. Гэта "Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Юбілейная плошча". Плануецца, што запуск цягнікоў на трэцяй лініі метро будзе прымеркаваны да Дня Незалежнасці 3 ліпеня. 

Раней адкрыццё новых станцыяў метро прымяркоўвалі да 7 лістапада — Дня кастрычніцкай рэвалюцыі.

Як адзначае інфармагенцтва "Мінск-Навіны", будаўніча-мантажныя работы на першых трох станцыях выкананыя на 95-98%. Цяпер на іх завяршаецца чыставое аздабленне і вядзецца мантаж тэхналагічнага абсталявання. На "Кавальскай Слабадзе" і "Вакзальнай" дызайнеры ўжо заняліся аздабленнем інтэр'ераў. 

Гендырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "Мінскметрабуд" Леанід Стухальскі кажа, што метрабудаўнікам яшчэ належыць злучыць паміж сабой чатыры пешаходныя тунэлі паміж трэцяй і першай лініямі. Два з іх пройдуць пад дзеючымі шляхамі метро і выйдуць проста на платформах "Плошчы Леніна" і "Фрунзенскай". Горныя работы ў цэнтры станцый будуць весціся толькі ў начны час, калі рух электрычак будзе спынены. 

Акрамя таго, на перонах паставяць ахоўныя экраны, каб засцерагчы пасажыраў ад падзення на рэйкі. Першы камплект такога абсталявання быў атрыманы з Турцыі на пачатку снежня. Ахоўныя экраны — адзін з элементаў будучай сістэмы беспілотнага ваджэння цягнікоў. 

Яшчэ адной навінкай мінскага метро стануць электрацягнікі, вырабленыя на прадпрыемстве "Штадлер Мінск". Яны пачалі паступаць у метро ў 2019 годзе. Вартасцямі гэтай тэхнікі называюць плаўны ход і шумаізаляцыю, міжвагонны праход, кандыцыянеры, зарадныя прылады для гаджэтаў ды шмат іншага. Плануецца, што да канца 2020 года ў мінскім метрапалітэне будзе 10 такіх цягнікў. Частка з іх ужо праходзіць абкатку. Новая тэхніка будзе перавозіць пасажыраў спярша на Аўтазаводскай, а потым і на Зеленалужскай лініі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі