Вы тут

Справу Мацкевіча адправілі ў РУУС на дапрацоўку

Матэрыялы справы аб удзеле вядомага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча ў акцыі прадпрымальнікаў 15 лютага ў Мінску суддзя суда Цэнтральнага раёна сталіцы Шабуня адправіла ў РУУС на дапрацоўку. Квіткоў на самалёт і штампаў у пашпарце, якія даказваюць адсутнасць Мацкевіча ў Беларусі менавіта 15 лютага, ёй не хапіла для апраўдальнага рашэння.

 
 

На думку праваабаронцы Аляксея Казлюка, гэта зроблена для таго, каб пазбегнуць нейкага адказнага рашэння і ацэнкі сітуацыі з сведчаннем міліцыянераў супраць Мацкевіча.

Казлюк: “А гэтыя наступствы — прыцягненне да адказнасці тых сведак, якія вельмі ўпэўнена заяўлялі, што Мацкевіч быў на мітынгу. Пры гэтым былі фактычныя доказы, пісьмовыя, якія немагчыма неяк перавярнуць, што яго там не было і не магло быць”.

Па словах праваабаронцы, суддзя наўмысна зацягвае працэс, каб прайшлі ўсе тэрміны для разгляду “справы Мацкевіча”. І прагназуе: справа будзе знаходзіцца на дапрацоўцы роўна столькі, колькі неабходна, каб прайшоў тэрмін прыцягнення да адказнасці і тады мы проста не ўбачым канчатковага рашэння. Адпаведна, ніхто не будзе прыцягнуты да адказнасці. Праўда, удакладняе Аляксей Казлюк, калі гэтай справай не зацікавіцца пракуратура, не прымусіць міліцыянтаў прыспешыць працэс “дапрацоўкі” і не дасць “сваю ацэнку дзеянняў міліцыянераў, якія ўпэўнена давалі сведчанні”.

Каб пазбегнуць сцэнарыя з зацягваннем справы, Мацкевіч можа ўжо цяпер пісаць заяву ў пракуратуру, дадае праваабаронца.

Уладзімір Мацкевіч упэўнены, калі ён не падасць на міліцыянераў у суд, яны пакарання пазбегнуць. А падставы падаваць іск у яго ёсць, кажа грамадска-палітычны дзеяч. І тлумачыць свой намер дамагчыся прысуду для міліцыянераў жаданнем, каб гэта стала навукай для ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Мацкевіч: “Калі мы не пастараемся, каб гэта стала навукай, калі мы не даможамся, каб вось гэтых “крайніх” звольнілі з працы і каб гэта стала ўрокам усім АМАПаўцам і міліцыянтам, то гэта і не стане ім урокам. А калі мы зможам гэта зрабіць, то, можа быць, частка з іх задумаецца”.

Уладзімір Мацкевіч і трое сведкаў-міліцыянераў
 

15 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска судзілі грамадска-палітычнага дзеяча Уладзіміра Мацкевіча: яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы 15 лютага. Паказанні супраць яго давалі супрацоўнікі АМАП Ілля Якаўлеў і Аляксандр Шушко, якія заявілі, што пазналі ў Мацкевічы ўдзельніка мітынгу. Па іх словах, Мацкевіч стаяў з расцяжкай. Таксама ў працэсе ўзяў удзел участковы Дзяніс Трасняк, які склаў пратакол на Мацкевіча за ўдзел у мітынгу. Пасля паказанняў міліцыянтаў Уладзімір Мацкевіч паказаў суду квіткі на самалёт: ён вылецеў у Варшаву 14 лютага, а ў Мінск вярнуўся 16-га. Таксама яго адсутнасць у Беларусі пацвярджаецца адпаведнымі штампамі ў пашпарце. Справу суд накіраваў на дапрацоўку і выпраўленне недахопаў.

 
Фота Змітра Лукашука