Справа SMS-мінёра: Ці быў ціск на галоўную сведку Ксенію Г падчас следства?

Пасля выхаду на Еўрарадыё сюжэта пра “SMS-мінёра” з мінскага метро да журналіста звярнуліся людзі, якія хутчэй за ўсё выступяць на судзе ў якасці важных сведак.

Вось што вядома на сёння. Узрываць нешта ў мінскай падземцы ўраджэнец Караганды Канстанцін Сіманаў не збіраўся. Тым не менш праз яго SMS пра бомбу давялося спыняць метрапалітэн і траціць на праверачныя мерапрыемствы бюджэтныя сродкі.

Калі следства завяршылі, стала зразумела, што абвінавачанаму не выкруціцца. Яго будуць судзіць яшчэ і за згвалтаванне, за сэксуальныя адносіны з малалетняй і за дэманстрацыю парнаграфіі. Выглядае, што праваахоўнікі прадэманстравалі нечуваны спрыт, вылавілі амаль што беларускага Чыкацілу.

Аднак калі Еўрарадыё пачало глыбей цікавіцца гэтай гісторыяй, аказалася, што дзяўчына, якая праходзіць па справе як “згвалтаваная ахвяра”, не зусім да такой падобная. Яна захоўвае на сваёй старонцы ў сацсетках фотаздымкі з Сіманавым і яго дзецьмі. А кампетэнтныя чыноўнікі са Смалявічаў, якія ведалі і абвінавачанага, і сведку, назвалі SMS-мінёра “самым станоўчым членам сям’і”.

У жніўні журналісту Еўрарадыё напісалі са старонкі ў сацыяльных сетках той самай Ксеніі Г. — галоўнай сведкі па справе (дарэчы, доступ да гэтай старонкі пасля нашай публікацыі быў абмежаваны).   

“Ты не разумееш, наколькі я з іх дапамогай утаптала яго ў бруд. Тут яму ніхто, мне здаецца, не дапаможа”, — паскардзілася інтэрнэт-суразмоўца.

Прапаноўваем сказаць у судзе ўсю праўду і атрымліваем наступны адказ:

“А калі потым на мяне справу завядуць, тыпу я дала загадзя лжывыя паказанні?”

Дайшло да таго, што суразмоўца пацікавілася паслугамі адваката, узяла час на роздум і ў выніку не стала жыўцом сустракацца з журналістам.

Відаць, не вытрымалі нервы і ў блізкіх Канстанціна Сіманава. Журналісту напісалі са старонкі Любові Ц. — сястры SMS-мінёра.

“Косця спатыкнуўся на роўным месцы і не чакаў такіх наступстваў. Я баюся, што і мне раптам цагліна на галаву ўпадзе за тое, што я вам напісала, усё ж пецярых дзяцей (і сваіх, і Сіманава — Еўрарадыё) на ногі падымаць трэба, — прыводзім некаторыя вытрымкі з гэтага працяглага ліста. — Абмяркоўвалі ўсё з яе мамай (маецца на ўвазе мама галоўнай сведкі — Еўрарадыё). Сказала, што нічога не ведала пра полавую сувязь, што калі б гэта было, то яна б ведала. Сказала, што Косця ёй нічога дрэннага не зрабіў, што ён станоўчы. Прайшоў нейкі час, і я спытала ў яе мамы пра змененыя паказанні і пра ціск на дачку. Адказала “так”. Косця і Ксюша стварылі свой маленькі свет. У абаіх у сем’ях не ўсё добра. Дзеткі да яе прывязаліся, палюбілі яе. Косця дарыў ёй падарункі, каб усё ў іх было аднолькавае, — планшэты, тэлефоны. Нават крэдыты браў. Мне, калі яго ўзялі пад варту, усё гэта давялося выплачваць. Атрымліваецца, сяброўства і каханне, калі яно было, прайшлі хутка. А брат пацерпіць ні за што…”

Пасля выхаду сюжэта пра справу “SMS-мінёра” мы чакалі рэакцыі з боку праваахоўнікаў. Раптам у матэрыяле дапушчаныя нейкія памылкі! Але з рэдакцыяй на гэты конт ніхто не звязаўся.

Толькі Дзмітрый Канаплянік, кіраўнік Следчага камітэта па Мінску, выказаўся парталу TUT.BY пра тое, ці правільна зрабіла студэнтка, што паглядзела ў тэлефон Сіманава і паведаміла пра падазронае SMS ахове метрапалітэна.

“Давайце разбяромся. Уявіце. Вы едзеце ў метро, — разважае праваахоўнік. — Побач — малады чалавек у насунутым на вочы чорным капелюшы, у чорнай куртцы, ля яго ног стаіць торба з нечым цяжкім (як аказалася, гэта былі гантэлі). І гэты чалавек нешта піша ў сваім тэлефоне, асабліва не хаваючыся. Вы гледзіце на экран і бачыце паведамленне аб выбуху, які рыхтуецца. Вашы дзеянні? Магчыма, пяць гадоў таму вы б на гэта ўвагі не звярнулі. Але пасля красавіка 2011-га…”

Ужо каля месяца ў сталічным судзе Цэнтральнага раёна не могуць прызначыць дату, калі  пачнуцца слуханні. Верагодна, на гэта паўплывала шматтомнасць справы і доказная база. Хоць у транспартнай пракуратуры, якая здзяйсняла нагляд па справе, нічога падазронага не заўважылі і перадалі справу ў суд цягам некалькіх дзён.

Як паведаміў Еўрарадыё падчас тэлефоннай гутаркі суддзя Аляксандр Якунчыхін, з улікам артыкулаў, па якіх абвінавачваецца Сіманаў, можа быць і закрытае судовае разбіральніцтва.

Калі пачнуцца слуханні, хутчэй за ўсё будзе вядома ў сярэдзіне верасня. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі