Справа дырэктара мінскай гімназіі аб хабарніцтве перададзеная ў суд

Справа дырэктара мінскай гімназіі аб хабарніцтве перададзеная ў суд

Пракуратура Мінска накіравала ў суд Фрунзенскага раёна сталіцы крымінальную справу ў дачыненні дырэктара адной са сталічных гімназій, які абвінавачваецца ў атрыманні хабару (ч.1 арт. 430 КК).

Як паведаміла БелаПАН старшы памочнік пракурора Мінска Наталля Косач, кіраўнік установы адукацыі абвінавачваецца ў тым, што 18 жніўня, знаходзячыся ў сваім службовым кабінеце, за прыняцце рашэння аб залічэнні дзіця ў пяты клас гімназіі прыняў для сябе асабіста ад яго бацькі 500 долараў.

У пракуратуры адзначаюць: абвінавачаны ведаў, што ён не мае права прымаць падарункі або атрымліваць іншую выгаду ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, але груба парушыў гэтае правіла.

У выпадку прызнання яго віны, фігурант справы можа атрымаць да сямі гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Пракуратура не паведамляе, дырэктарам якой гімназіі з’яўляецца абвінавачаны, але мяркуецца, што гаворка ідзе пра дырэктара беларускамоўнай гімназіі № 4. Яна знаходзіцца ў Фрунзенскім раёне сталіцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі