Вы тут

Следчы камітэт пракаментаваў трагедыю ў Рэчыцы

Зміцер Усхопаў / фото из социальных сетей

Следчы камітэт пракаментаваў трагедыю ў Рэчыцы, дзе ў навагоднюю ноч загінуў малады чалавек Зміцер Усхопаў.

"31 снежня ў 23.10 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту на вул. Савецкай мужчыну з азнакамі моцнага алкагольнага ап'янення. З-за аказанага ім непадпарадкавання да яго была ўжыта фізічная сіла. Мужчыну даставілі ў Рэчыцкі РАУС, а потым у рамках адміністрацыйнага працэсу павезлі на медагляд у раённы шпіталь”, — цытуе БЕЛТА прадстаўнікоў Следчага камітэта.

Паводле дадзеных СК, пры пад'ездзе да медустановы мужчыну стала дрэнна, і яго экстранна даставілі ў прыёмны пакой, дзе сталі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы.

“Нягледзячы на высілкі лекараў, у 1.20 канстатавана яго смерць", — расказалі ў СК.

Каб высветліць прычыны смерці, следчыя прызначылі судова-медычную экспертызу. Як кажуць у СК, “па папярэдніх высновах экспертаў, смерць не носіць траўматычнага характару”, а на целе памерлага не выяўлены пашкоджанні ўнутраных органаў, пераломаў костак.

Сваякі загінулага расказалі праваабаронцам, што ў ноч затрымання ён ехаў да маці на святочную вячэру. У загінулага засталася пяцігадовая дачка.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.