Вы тут

Следчы камітэт пракаментаваў ператрусы, якія ідуць 16 лютага

Эмблема Следчага камітэта / БЕЛТА

Прэс-служба Следчага камітэта пракаментавала ператрусы, якія праходзяць у журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй Беларусі. Паведамляецца, што ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.

Ператрусы праводзяцца ў праваабарончых арганізацыях. Сілавікі шукаюць сляды "фінансавання пратэстаў".

"У межах папярэдняга расследавання з мэтай выяўлення абставінаў фінансавання пратэснай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя.

Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў", — гаворыцца ў заяве СК.

Як распавядала Еўрарадыё, зранку 16 лютага сілавікі прыйшлі да кіраўнікоў БАЖ. Старшыню арганізацыі Андрэя Бастунца затрымалі і павезлі на ператрус у офісе БАЖ. Ператрусы таксама праходзяць у журналістаў і праваабаронцаў у Магілёве, Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Віцебску, Брэсце.

Пры ператрусе ў юрысткі Крысціны Рыхтэр забралі тэлефон і дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.