Вы тут

Следчы камітэт паведаміў пра акалічнасці гібелі дзіця ў Маларыце

Следчы камітэт

Следчы камітэт паведаміў пра акалічнасці гібелі 12-гадовага хлопчыка ў Маларыце. Як паведамляе прэс-служба ведамства ў сваім Тэлеграм-канале, інфармацыя пра смерць падлетка паступіла ў Маларыцкі РАУС 2 жніўня прыкладна ў 20:40.

Паводле следчых, у той дзень хлопчык катаўся на роварах разам з двума сваімі сябрамі. Яны ехалі па горадзе і заўважылі зямельны ўчастак, дзе будуецца дом. Участак не быў агароджаны, а побач з домам знаходзілася вялікая горка пяску. Дзеці захацелі пагуляць з пяском і адзін з іх стаў рыць яміну ў сярэдзіне кучы. У гэты момант зверху на яго абрынуўся пясок.

Двое іншых дзяцей з гэтай кампаніі патлумачылі, што спрабавалі выцягнуць свайго сябра, але не атрымалася. Тады яны разгубіліся і ўцяклі. Дарогай сустрэлі маці загінулага, якая пайшла шукаць сына, бо ён не вяртаўся дадому. Хлопчыкі распавялі ёй пра здарэнне, а жанчына знайшла цела дзіця.

Па факце інцыдэнту праводзіцца праверка, прызначаная судова-медыцынская экспертыза.