СК: Медыкі і "Эўпента" не вінаватыя ў смерці дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне

СК: Медыкі і "Эўпента" не вінаватыя ў смерці дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне

Следчы камітэт Беларусі завяршыў праверку па факце смерці пасля прышчэпкі 2-месячнага дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне. Як інфармавала Еўрарадыё, трагічнае здарэнне адбылося 13 жніўня мінулага года. Прышчэпку хлопчыку рабілі на ФАПе ў вёсцы Вялікія Круговічы, куды яго прывезлі бацькі. Пасля некалькіх прышчэпак дзіця стала задыхацца. На месца прыехала "хуткая", якая адвезла яго ў Ганцавіцкую бальніцу, аднак выратаваць жыццё не ўдалося. Справа набыла грамадскі рэзананс, праверку кантраляваў старшыня СК Іван Наскевіч.

Як інфармуе прэс-служба СК, следства прыйшло да высновы аб адсутнасці складу злачынства (службовай халатнасці ці неналежных выкананняў прафесійных абавязкаў) ў дзеяннях службовых асобаў і медыцынскіх работнікаў. Прычынай смерці дзіцяці названая "поліарганная недастатковасць, абумоўленая цяжкай анафілактычнай рэакцыяй неадкладнага тыпу (анафілактычным шокам) на адэкватна прызначаныя і правільна уведзеныя вакцыны". Адзначаецца, што "магчымасці прадбачыць развіццё алергічнай рэакцыі перад увядзеннем вакцын не было".

Спецкамісія Міністэрства аховы здароўя выявіла шэраг парушэнняў ведамственных нарматыўных актаў у вядзенні меддакументацыі, у інфармаванні бацькоў дзяцей пра магчымыя пабочныя эфекты пасля ўвядзення вакцыны. Да шэрагу супрацоўнікаў былі ўжытыя меры дысцыплінарнага спагнання. Сцвярджаецца, што гэтыя недахопы не маюць дачынення да смерці хлопчыка, а парушэнняў, звязаных з тактыкай і тэхнікай увядзення вакцын не выявілі. Падкрэсліваецца, што вакцыны ў той момант былі дазволены міністэрствам.

СК вывучала абставіны закупкі медпрэпарата "Эўпента" ў Паўднёвай Карэі і яго якасці. Былі выяўленыя парушэнні працэдуры закупкі, але яны "звязаныя з недасканаласцю заканадаўства" і неабходнасцю "набыцця вялікай колькасці вакцыны ў самыя кароткія тэрміны". Не знойдзена парушэнняў ва ўмовах захоўвання, атрымання, увядзення лекавых сродкаў.

Адзначаецца, што ў студзені-жніўні 2018-га было зроблена каля 100 тысяч прышчэпак "Эўпенты", пабочныя рэакцыі зафіксаваныя ў двух выпадках. На сённяшні дзень імунізацыя вакцынай "Эўпента" ў Беларусі працягваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі