СК і МУС прапануюць узбуджаць справы супраць "ухілістаў", якія з'ехалі за мяжу
Пытанне аб магчымасці ўзбуджаць крымінальную справу на прызыўніка, якога няма ў краіне, ужо прапрацавана / pravo.by
МУС і Следчы камітэт прапануюць ўзбуджаць крымінальныя справы ў дачыненні да прызыўнікоў, якія ўхіліліся ад прызыву і з'ехалі ў іншую краіну. Пытанне ўжо прапрацавана, перадае БЕЛТА са спасылкай на часова выконваючага абавязкі міністра ўнутраных спраў Юрыя Назаранкі.
Паводле слоў Назаранкі, гэта дасць магчымасць атрымаць садзейнічанне калег у тых краінах, дзе знаходзіцца "ўхіліст". Пры гэтым прадстаўнік МУС адзначыў, што "калі ў маладога чалавека акажацца аб'ектыўная прычына для адтэрміноўкі, крымінальная справа не будзе мець працягу".
Паводле слоў Назаранкі, з пачатку гэтага года ваенныя камісары перадалі ў АУС каля 5 тысяч заяў на "ўхілістаў".
Гэтая інфармацыя прагучала падчас пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое прайшло на базе 120-й Рагачоўскай брыгады імя Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Мінабароны, МУС, Мінадукацыі і Міністэрства аховы здароўя, гаварылі пра падрыхтоўку прызыўнікоў.
Кіраўнік Мінабароны Віктар Хрэнін скардзіўся на недастатковы ўдзел школы ў гэтым пытанні. "Многія выкладчыкі па прадмеце "Дапрызыўная падрыхтоўка" ў школе не маюць уяўлення аб вайсковай службе", — сказаў, у прыватнасці, ён. Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў адказ заўважыў, што з 1 верасня ў школах уводзіцца пасада кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання — "усяго каля 2 тыс.ставак", адзначыў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.