Вы тут

Сівіцкі — пра візіт Болтана ў Мінск: ЗША нічога не могуць прапанаваць Беларусі

Арсеній Сівіцкі / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь захавала сваю незалежнасць, і таму гатовыя зняць санкцыі з Мінска. Менавіта для атрымання інфармацыі пра “паглыбленне інтэграцыі”, прапанаванае Лукашэнку Расіяй, едзе ў Мінск дарадца прэзідэнта Трампа па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. Пра гэта Еўрарадыё заявіў 28 жніўня палітолаг, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

“Каб зняць санкцыі, даклад аб паляпшэнні сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі павінен прадставіць прэзідэнт. Таму я б разглядаў гэты візіт Болтана, як і візіт намесніка дзяржсакратара, запланаваны на верасень, як нагоду прааналізаваць сітуацыю на месцы і атрымаць аб’ектыўную карціну”, — кажа эксперт.

На яго думку, нічога глабальнага ад візіту Болтана ў Мінск чакаць не трэба. “Злучаныя Штаты нічога не могуць нават і прапанаваць беларускаму боку. Але што вельмі важна для ЗША, гэта разуменне сітуацыі, наколькі Беларусь гатовая супрацьстаяць расійскаму ціску і адстойваць свой суверэнітэт”, — лічыць Сівіцкі.

Страта Беларуссю сваёй незалежнасці, на яго думку, будзе мець негатыўныя стратэгічныя наступствы для нацыянальнай бяспекі ЗША і іх хаўруснікаў у рэгіёне. “Таму для Вашынгтона вельмі важна пільна адсочваць сітуацыю з так званым паглыбленнем інтэграцыі, з крамлёўскім ультыматумам. І адна з мэт візіту Болтана — якраз атрымаць гэтую інфармацыю з першых вуснаў. То-бок сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб ён расставіў усе кропкі над “і” наконт вось гэтых межаў паглыблення інтэграцыі”, — расказаў Арсеній Сівіцкі.

У 2025 годзе Беларусі будзе ўжо ўсё роўна, у каго купляць нафту — у Расіі ці ў ЗША

Што датычыцца зняцця санкцый, то тут галоўнае — “вызваліць” дзяржканцэрн “Белнафтахім”, каб Беларусь магла купляць амерыканскую лёгкую нафту на замену расійскай. “Беларусь рыхтуецца да таго, што праз пяць гадоў, калі завершыцца “падатковы манеўр”, кошты на расійскую нафту дасягнуць сусветных. Таму нават з улікам выдаткаў на лагістыку амерыканская нафта будзе каштаваць Беларусі прыкладна столькі ж, колькі і расійская. Таму Беларусі ўжо не будзе розніцы, у каго купляць нафту”, — кажа эксперт.

Амерыканцы ў сярэднетэрміновай перспектыве рыхтуюцца выйсці са сваёй нафтай на еўрапейскі рынак энерганосьбітаў і канкураваць з Расіяй, таму яны павінны будуць падрыхтаваць такую інфраструктуру, каб экспарт амерыканскай нафты быў танным, тлумачыць Сівіцкі.