Вы тут

Сістэма трэсне, але беларусам пара прачнуцца. Як зноў стаць смелымі?

Беларусь будзе вольнай / Еўрарадыё

"Лукашэнка ды Пуцін — адзіныя хаўруснікі ў вайне, а за Украінай увесь свет", — нагадвае ментар па асобасным развіцці і развіцці супольнасцяў, грамадскіх арганізацый, кааліцый і праектных камандаў з Украіны Іван Амельян.

Паўтара года таму эксперт пачаў працаваць з супольнасцямі ўнутры Беларусі: сабраў каманду аднадумцаў, распрацаваўшы з імі праграму развіцця ініцыятыў, якая дапамагла беларусам аб'яднацца ў дваровых і раённых чатах. Іван дапамагае нашаму народу і сёння, калі частка актывістаў праз рэпрэсіі на радзіме з'ехала за мяжу, частка сядзіць у турмах, а многія з тых, хто застаўся, знаходзяцца ў пастаянным страху.

У інтэрв'ю Еўрарадыё спецыяліст расказвае пра тое, як пераадолець палітычную дэпрэсію і што проста неабходна зрабіць, каб узмацніць барацьбу за незалежнасць Беларусі.

Іван Амельян / інстаграм

Сістэма пачне трашчаць па швах

Нягледзячы на тое, што адбывалася ў 2020-м і пасля гэтага, сёння не ўсе беларусы ўпалі ў дэпрэсію, але ёсць шмат людзей, якія вельмі моцна пацярпелі. Яны не разумеюць, што можна памяняць, працуючы ўдваіх ці нават удзесяцярых. Шмат каго мучаць думкі пра тое, што быццам бы паўплываць ні на што ўжо немагчыма.

Такіх беларусаў важна падтрымаць, таму што я ўпэўнены, што шмат што можна змяніць, памяняўшы сваё стаўленне да таго, што адбываецца, паглядзеўшы на яго з іншага боку. 

Менавіта цяпер адкрыліся вялікія магчымасці для таго, каб нешта мяняць. Магчыма, літаральна сёння гэта небяспечна. У залежнасці ад вашых дзеянняў вас могуць затрымаць, пасадзіць ці нават па вас пачнуць страляць нейкія расійскія вайскоўцы. Але рыхтавацца да таго моманту, калі гэтая сістэма пачне трашчаць па швах (а гэта адбудзецца сто адсоткаў) — неабходна. Эканоміка падае, і дэфолт у Беларусі здарыцца хутчэй, чым у Расіі. 

Нават калі пачнецца мабілізацыя, я шчыра веру і ведаю, што ўкраінцы не здадуцца. Гэта будзе азначаць, што і Беларусь, і Расія будуць слабець, таму што ім давядзецца пастаянна траціцца на вайну, а хаўруснікаў у іх не так шмат. Лукашэнка ды Пуцін — адзіныя хаўруснікі, а за Украінай увесь свет. І гэта таксама трэба разумець.

Дэпрэсія ў некаторых беларусаў узнікае таму, што быццам бы нельга зрабіць штосьці тут і цяпер. Але ўвогуле, калі паглядзець на сітуацыю глабальна, мы жывём у гістарычную эпоху, што не можа не натхняць на перамены. Вельмі крута, што многія людзі ўжо гэта разумеюць, асабліва тыя беларусы, якія цяпер ідуць ваяваць на баку Украіны, у тым жа батальёне імя Кастуся Каліноўскага. Я шчыра веру, што гэтыя хлопцы вернуцца дадому.

Проста сцяна ў Беларусі / Еўрарадыё

Знайдзіце самае слабае месца ў вашай сістэме

Беларусы павінны быць псіхалагічна ўстойлівыя і фізічна гатовыя да таго, што ў найбліжэйшыя два-тры месяцы можа здарыцца ўсё што заўгодна. На ўсялякі выпадак вы павінны разумець, дзе ў вас знаходзяцца бамбасховішчы, забяспечце сябе кіслароднымі маскамі і неабходнымі медыкаментамі. Гэта базавы ўзровень.

Другі ўзровень: зразумейце, дзе ваша сістэма асабліва слабая. Гэта могуць быць чыноўнікі ў выканкамах, якія разумеюць, што іх у Дубай не забяруць. Гэта дакладна не міліцыя, таму што яны вельмі добра падсілкоўваюцца ад гэтай самай сістэмы і менавіта на іх ставіць Лукашэнка. На жаль, гэта і не вайскоўцы, таму што, як я разумею, вайскоўцы знаходзяцца ўжо амаль пад беспасярэднім кіраўніцтвам рускай разведкі і ФСБ. Я думаю, што сёння вельмі шмат беларускіх вайскоўцаў сядзяць на кручку ў гэтых сілавых структур.

Далей — неабходна шукаць і наводзіць кантакты з беларускімі патрыётамі, каардынавацца паміж сабой і праводзіць тыя акцыі, якія сёння могуць дапамагчы Украіне і раскрыюць магчымасці да перамен у самой Беларусі. 

Гэтыя перамены дакладна будуць праходзіць не праз Мінск. Яны будуць ісці праз рэгіёны. Ваша актыўнасць у рэгіёнах, гатоўнасць браць на сябе адказнасць сёння вельмі важная. Я не кажу, што трэба абвяшчаць нейкія незалежныя рэспублікі, але можна гаварыць пра тое, што нейкі канкрэтны горад можа перайсці пад самакіраванне.

Магчыма, гэта стане першым сігналам, каб людзі бралі на сябе адказнасць у сваіх вёсках і гарадах. І гэтыя маленькія ачагі могуць пабудаваць сістэму пратэсту, якая не пакіне іншага выбару Лукашэнку, акрамя таго як сысці.

Вы таксама павінны разумець, што многія беларусы, якія цяпер ваююць за Украіну, хочуць вярнуцца на радзіму і яны дапамогуць тым, хто возьме на сябе адказнасць у тыле. Магчыма, не цяпер, але ў будучыні дакладна.

 

Затрыманне Ніны Багінскай на жаночым маршы ў 2020-м / Еўрарадыё

Аднавіце камунікацыю адно з адным

...і ў дваровых супольнасцях у першую чаргу. Каардынацыя паміж імі можа даць эфект кантролю, які быў згублены ўвосень 2020 года, калі літаральна кожны дзевяціпавярховік ператварыўся ў турму. Памятаеце? Калі ты выходзіш ці нешта робіш, цябе забіраюць... Але менавіта такая каардынацыя дапамагае чагосьці дасягнуць. Многія суседзі раней баяліся таго, што ў чатах могуць сядзець кадэбэшнікі, але, хлопцы, цяпер трэба быць смелымі. Спрабуйце. Ёсць дастаткова рэсурсаў, якія дазваляюць сёння сябе засцерагчы.

Сцяг мінскага мікрараёна Масюкоўшчына. Памятаеце? / Еўрарадыё

Як зноў сабрацца?

Па-першае, засталіся людзі, якім вы давяраеце. Збярыцеся для пачатку з імі і абмяркуйце, дзеля чаго вы выходзілі пасля 9 жніўня 2020-га. Цяпер гэтая мэта можа выглядаць інакш. Напрыклад, калі тады вы хацелі дамагчыся сумленных выбараў, то цяпер — жыць у свабоднай краіне без акупантаў. Трэба зразумець для сябе ў першую чаргу, да чаго вы канкрэтна гатовыя, да якой рызыкі і да якіх ахвяр. І на аснове гэтага рашэння разам з тымі людзьмі, якім вы давяраеце, пашыраць кола даверу, уводзіць у яго іншых людзей, камунікаваць і рызыкаваць, наколькі вы можаце сабе дазволіць.

Магчыма, гэта будуць улёткі з заклікамі спыніць вайну. Таксама можна агітаваць тых, каго могуць прызваць у войска, сабатаваць, не ісці, уцякаць ці нават у турму сесці за нежаданне ісці ў войска. А што? Гэта хоць не ўдзел у вайне супраць Украіны. Калі б у мяне быў такі выбар, я б хутчэй пайшоў у турму. У крайнім выпадку можна ісці і здавацца. Але гэта іншая гісторыя, і ёсць інструкцыя, як з гэтым працаваць.

У адной счэпцы за свабоду Беларусі / Еўрарадыё

Я хацеў бы яшчэ раз нагадаць беларусам, што ў дваровых супольнасцях вас аб'ядноўвалі агульныя каштоўнасці і жаданне дасягнуць мэты. Цяпер зноў трэба прагаварыць гэтыя каштоўнасці, за што вы выходзілі, чаго вы хацелі дамагчыся, і абмеркаваць мэты, якія вы бачыце. Калі вы гэтага не прагаворыце, у вас не выйдзе ніякай дзейнасці. Толькі калі вы разумееце, за што будзеце біцца і якія мэты пераследуеце, толькі тады можна будзе спланаваць дзеянні. А план заўсёды лепш, чым спантаннасць. 

Камунікуйце паміж сабой, гэта можа дапамагчы адрадзіць тую актыўнасць, якая была.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.