Сіняўскі: беларускім ратавальнікам "не будуць выдаваць кулямёты і гранатамёты"

Сіняўскі: беларускім ратавальнікам "не будуць выдаваць кулямёты і гранатамёты"

Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі ў эфіры тэлеканала АНТ пракаментаваў новаўвядзенне — запланаванае атрыманне супрацоўнікамі МНС зброі. "Ніякай надзвычайшчыны тут няма, — кажа ён. — ...Чалавек у пагонах павінен умець валодаць табельнай зброяй".

Паводле слоў Сіняўскага, ратавальнікам "не будуць выдаваць кулямёты і гранатамёты", яны атрымаюць "пісталеты і аўтаматы". У МНС ужо "арганізаваны спецыяльныя пакоі для захоўвання зброі". Іх 11. У іншых падраздзяленнях зброя будзе захоўвацца ў міліцыі і выдавацца "у выпадку неабходнасці", "выкарыстоўвацца па прызначэнні".

Раней міністр казаў, што ратавальнікі атрымаюць зброю ўжо ў першай палове чэрвеня. З яго слоў вынікала, што іх могуць прыцягнуць для барацьбы з "масавымі беспарадкамі". Аляксандр Лукашэнка анансаваў узбраенне супрацоўнікаў МНС у лютым 2022-га. Па яго версіі, яны ўстануць побач з войскам "на абарону радзімы". Кіраўнік МНС гэта пацвердзіў: "Частка нашых людзей [у выпадку вайны] будзе перададзеная Мінабароны для ўкамплектавання адпаведных падраздзяленняў".

Вадзім Сіняўскі стаў міністрам па надзвычайных сітуацыях у сакавіку 2021 года. Раней ён кіраваў міліцыяй у Гродзенскай вобласці.

Да 2020 года МНС мела ў беларускім грамадстве пазітыўны імідж. Аднак падчас масавых пратэстаў супрацоўнікі ведамства былі кінутыя на барацьбу супраць нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў, што падарвала імідж ратавальнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі