Вы тут

Супрацоўнікаў МНС рыхтуюць да збройнага задушэння пратэстаў

Вадзім Сіняўскі / belnaviny.by

Супрацоўнікі МНС рыхтуюцца да дзеянняў у "асаблівых умовах" і ўжо ў чэрвені атрымаюць зброю. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ паведаміў кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі.

Міністр па надзвычайных сітуацыях заявіў, што Аляксандр Лукашэнка паставіў яму задачу падрыхтаваць супрацоўнікаў для задушэння пратэстаў. "Першае —гэта ўнутраныя праблемы, праблемы, звязаныя з масавымі беспарадкамі. Таму ў інтарэсах органаў унутраных спраў мы будзем вырашаць гэтую задачу. У выпадку ўзброенага канфлікту і агрэсіі ў дачыненні да нашай краіны — у інтарэсах Міністэрства абароны", — патлумачыў Сіняўскі.

Адпаведныя змены ўносяцца і ў падрыхтоўку курсантаў Універсітэта грамадзянскай абароны.

Таксама Сіняўскі паведаміў, што да 15 чэрвеня МНС атрымае табельную зброю, якую выдасць Міністэрства абароны.

Міністр падкрэсліў, што гэтыя задачы будуць выконвацца толькі ў "асаблівых умовах". Па яго словах, сярод супрацоўнікаў МНС было непрыняцце новых задач: "Шчыра кажучы, і нашы работнікі былі ўсхваляваныя: "А як мы будзем выконваць гэтую працу?". Але калі яны акунуліся ў працэс падрыхтоўкі, усё стала на свае месцы, усе выдатна разумеюць, чаму, калі і пры якіх умовах мы будзем займацца гэтай працай".

Да 2020 года МНС мела ці не самы пазітыўны імідж у грамадстве. Аднак увосень 2020-га супрацоўнікі ведамства былі кінутыя на барацьбу супраць нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў, што падарвала імідж ратавальнікаў. Пра ўзбраенне супрацоўнікаў МНС Лукашэнка заявіў у лютым 2022-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.