Сіноптыкі патлумачылі, адкуль смог над Мінскам

Смог над Мінскам выклікаў заклапочанасць у жыхароў сталіцы. Як зазначылі ратавальнікі ў сацсетках, у нядзелю ім літаральна абарвалі тэлефоны з пытаннямі пра пажар. Аднак значных пажараў ні ў Мінску, ні ў яго наваколлі няма.

У Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя парталу tut.by патлумачылі, што ў смогу вінаватыя ўмовы надвор'я. Апошнія два дні ў сталіцы быў практычна поўны штыль: хуткасць ветру не перавышала 1 метра ў секунду. Акрамя таго, у горадзе даўно не было сур'ёзных ападкаў.

Па словах сіноптыкаў, крыніцай смогу на выходных стаў аўтатранспарт, бо большасць прадпрыемстваў у выходныя дні не працуе.

Метэаролагі спадзяюцца, што сітуацыя палепшыцца ў тым выпадку, калі ўзмоцніцца дробны дождж, які ідзе ў Мінску.

Фота:tut.by