Вы тут

Сілавыя структуры спрабуюць выслаць з РБ грамадзянку Літвы, пакуль беспаспяхова

Супрацьстаянне грамадзянкі Літвы і беларускіх сілавых структур працягваецца ў судзе / БЕЛТА​

Профільны аддзел МУС і пракуратура вядуць зацятую барацьбу з грамадзянкай Літвы, якая ўдзельнічала ў пратэсным руху і нават была пакараная за гэта, "прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці". Аб гэтым супрацьстаянні расказалі ў Генеральнай пракуратуры. 

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі УУС аднаго з раёнаў Мінска прыняў рашэнне пра высылку грамадзянкі Літвы з краіны. Ёй таксама было забаронена на працягу паўгода вяртацца ў Беларусь. Але жанчына абскардзіла гэтую пастанову ў судзе. І суд яе падтрымаў — адмяніў пастанову аб высылцы.

Тады ўмяшалася пракуратура — апратэставала пастанову раённага суда. Пратэст разгледзела судовая калегія Мінскага гарадскога суда і пагадзілася з пракуратурай. У выніку пастанову суда першай інстанцыі адмянілі.  

Адбылося новае пасяджэнне па скарзе грамадзянкі на неправамерныя дзеянні міліцыі, але гэтым разм суд прыняў рашэнне на карысць сілавых структур.

Аднак жанчына не здаецца — падала скаргу ў вышэйшы суд. Таму пакуль рашэнне аб яе высылцы ў сілу не ўступіла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.