Вы тут

Шыльду ў гонар БНР не могуць павесіць ужо два месяцы

Фота: svaboda.org

Шыльду ў гонар БНР у Мінску не могуць усталяваць ужо два месяцы. Яе мусілі павесіць і адчыніць яшчэ 23 сакавіка, але дагэтуль месца на доме на вуліцы Валадарскага застаецца пустым. Актывісты, якія займаліся гэтай шыльдай кажуць, што атрымалі ад чыноўнікаў Мінгарвыканкама вусную згоду, але пісьмовы дазвол ніхто не выдае ім на рукі, піша tut.by.

Памятную шыльду мяркуюць усталяваць на фасадзе дома №9 на вуліцы Валадарскага. Менавіта ў гэтым доме была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, якая абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. 

130-кілаграмовая дошка дагэтуль ляжыць на скульптурным камбінаце, дзе яе вылілі. Каб ацаніць шыльду, на камбінат прыязджала мастацкая рада. Яна аднагалосна ўхваліла шыльду, кажа актывіст Глеб Лабадзенка. Па яго словах, мастацкая рада збіраецца толькі пасля таго, як мясцовыя ўлады прынялі рашэнне пра ўсталяванне. "То бок, мастацкая рада не магла адбывацца без рашэння Мінгарвыканкама. Але гэтага рашэння ніхто не бачыў і на рукі арганізатарам не дае! Таму зараз уся праблемы ў адной паперцы", — тлумачыць Лабадзенка.

У Мінгарвыканкамае журналістам у адказ на пытанне пра дазвол адказалі: "Гэтае пытанне знаходзіцца на разглядзе". Але чыноўнікі не ўдакладняюць, ёсць рашэнне на ўстаноўку ці няма.