Шумчанка і Статкевіч заклікалі ІП выказаць у Мінску "калектыўную нязгоду"
![Шумчанка і Статкевіч заклікалі ІП выказаць у Мінску "калектыўную нязгоду"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/c8f864be-5463-42a9-9735-7a14dee9a837_mw1024_s_n.jpg.webp?itok=ZbmN6Z9C)
Старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка і былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікалі індывідуальных прадпрымальнікаў выказаць калектыўную нязгоду з нормамі ўказа кіраўніка дзяржавы № 222. А для гэтага прыйсці 14 сакавіка а 13-й гадзіне да Міністэрства па падатках і зборах, "каб зрабіць вусную ці пісьмовую заяву".
Зварот з'явіўся пасля таго, як Мінгарвыканкам не дазволіў Шумчанку і Статкевічу правесці ў той дзень у сталіцы Марш прадпрымальнікаў. У ім адзначаецца, што будуць працягвацца "дзеянні, накіраваныя на абарону інтарэсаў і правоў прадпрымальнікаў" і яны "будуць насіць законны і легальны характар". Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч падкрэсліваюць, што індывідуальным прадпрымальнікам трэба быць "цвёрдымі і салідарнымі, бо ад гэтага будзе залежыць магчымасць далейшай працы малога бізнесу ў Беларусі". Паход да Міністэрства па падатках і зборах мусіць стаць "першым крокам", цытуе зварот БелаПАН.