Што вядома пра здарэнне з беларускім самалётам ва Украіне

Што вядома пра здарэнне з беларускім самалётам ва Украіне

З'яўляюцца новыя падрабязнасці пра здарэнне з беларускім самалётам ва Украіне. Еўрарадыё сабрала ўсе звесткі, якія вядомыя на сённяшні дзень.

Здарэнне адбылося ў пятніцу, 21 кастрычніка. Прэс-служба авіякампаніі "Белавія" ў той жа дзень паведаміла, што Боінг 737-800 выконваў рэйс В2-840 Кіеў — Мінск. З міжнароднага аэрапорта "Жуляны" ён выляцеў у 15.25, на борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу. Праз 11 хвілін, калі самалёт знаходзіўся ў 50 км ад уваходу ў паветраную прастору Беларусі, украінскі дыспетчар з Кіева загадаў тэрмінова вярнуцца назад у "Жуляны", пра прычыны ён нічога не сказаў. Паводле паведамлення прэс-службы авіякампаніі, "таксама было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будуць паднятыя знішчальнікі". Камандзір экіпажу Віктар Шышло ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь-1" гэта пацвердзіў. Паводле яго слоў, экіпаж мусіць выконваць каманды дыспетчара.

У 15.55 "Боінг" прызямліўся ў "Жулянах". Украінскія праваахоўнікі затрымалі аднаго з пасажыраў, грамадзяніна Арменіі. Пазней стала вядома, што гэта — вядомы актывіст “Антымайдана”, крытык цяперашніх украінскіх уладаў, блогер Армен Мартырасян, які жыве ў Маскве. Праз дзве гадзіны яго вызвалілі і а 19-й гадзіне іншым рэйсам "Белавіі" ён выляцеў у Мінск. Мартырасян вырашыў звярнуцца ў суд.

Пасля дазапраўкі самалёт "Белавіі" ў пятніцу ў 16.37 выляцеў у Беларусь. У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" ён прызямліўся ў 17.33. У той жа дзень беларуская авіякампанія заявіла, што мае намер патрабаваць з украінскага боку кампенсацыю за страты, нанесеныя ў сувязі з вяртаннем самалёта ў "Жуляны".

У суботу, 22 кастрычніка, у Міністэрства замежных справаў быў выкліканы часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун, якому ўручылі ноту пратэсту. У ёй адзначаецца, што ў Мінску чакаюць афіцыйных прабачэнняў Кіева. Таксама патрабуецца кампенсацыя ўсіх фінансавых затрат і выдаткаў, выкліканых дзеяннямі ўкраінскага боку.

Тым часам прадстаўнік Службы бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук заявіў, што самалёт авіякампаніі "Белавія" вярнулі ў кіеўскі аэрапорт, каб пераканацца, што няма пагрозы бяспецы Украіны. Ён абверг інфармацыю пра тое, што была пагроза падняць знішчальнікі, назваў яе "абсурднай". Аднак намеснік гендырэктара "Белавіі" Ігар Чаргінец у інтэрв'ю тэлеканалу АНТ падкрэсліў, што пагроза была і цяпер у Мінску вывучаецца аўдыёзапіс размовы экіпажу з украінскім дыспетчарам (гл. відэа).

Зусім верагодна, што ўкраінскі бок заявіць пра перавышэнне службовых паўнамоцтваў дыспетчарам і прынясе прабачэнні Беларусі за здарэнне з самалётам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі