СБУ Украіны: Экіпажу самалёта “Белавія” не пагражалі знішчальнікамі

СБУ Украіны: Экіпажу самалёта “Белавія” не пагражалі знішчальнікамі

Самолет авіякампаніі "Белавія" вярнулі ў кіеўскі міжнародны аэрапорт Жуляны, каб пераканацца, што няма пагрозы бяспецы Украіны. Пра гэта паведаміў начальнік апарата кіраўніка Службы бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук у эфіры тэлеканала "112 Украіна".

Паводле яго слоў, у гэтай сітуацыі і СБУ, службы аэрапорта і службы дзяржпрадпрыемства па абслугоўванню паветранага руху Украіны “Украэрарух” дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі адпаведна міжнародным правілам палётаў грамадзянскіх суднаў.

Ткачук таксама абверг інфармацыю пра тое, што пілоту пагражалі падняць знішчальнікі. "Я думаю, што крыху абсурдна лічыць, што нашы ваенныя лятальныя апараты могуць быць ужытыя супраць грамадзянскага борта", — сказаў прадстаўнік СБУ.

Па словах Ткачука, СБУ таксама не выдае інфармацыю пра асобу знятага з самалёта "Белавія" чалавека, у тым ліку і дадзеныя аб нацыянальнасці або грамадзянстве — уся інфармацыя пакуль толькі для службовага карыстання.

21 кастрычніка самалёт авіякампаніі “Белавія”, які ляцеў з Кіева ў Мінск, вярнулі ў аэрапорт Жуляны. Самалёт вылецеў з Кіева ў 15.25 згодна з раскладам, а праз 11 хвілінаў, за 50 кіламетраў да ўваходу ў паветраную прастору Беларусі яго развярнулі і загадалі ляцець назад у Кіеў.

У 15.55 самалёт сеў у Жулянах. Праваахоўнікі знялі пасажыра. Пасля дазапраўкі у 16.37 лайнер вылецеў у Мінск і ўдала прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце ў 17.33 паводле мясцовага часу.

Пазней вядомы актывіст руху “Антымайдан”, расійскі журналіст і блогер Армен Мартырасян напісаў пра гэтае здарэнне ў Фэйсбуку і заявіў, што затрымлівалі менавіта яго. Пасля праверкі ён быў адпушчаны і ў 19.00 вылецеў у Мінск іншым рэйсам “Белавія”.

22 кастрычніка МЗС Беларусі ўручыў ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Беларусі Валерыю Джыгуну. У ноце сказана, што беларускі бок чакае афіцыйных прабачэнняў за інцыдэнт з самалётам “Белавія”, а таксама патрабуе ад Кіева кампенсацыі ўсіх фінансавых затрат і выдаткаў, выкліканых дзеяннямі ўкраінскага боку. МЗС таксама даручыла надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару Беларусі ва Украіне Ігару Сокалу ўручыць аналагічную ноту пратэсту ва ўкраінскім МЗС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі