Што такое водны шлях Е-40 і як гэта паўплывае на экалогію і эканоміку?

Што такое водны шлях Е-40 і як гэта паўплывае на экалогію і эканоміку?

У Беларусі, Польшчы і Украіне актыўна абмяркоўваецца магчымасць будаўніцтва воднага шляху E-40, які злучыць Балтыйскае і Чорнае мора і па якім будуць хадзіць грузавыя караблі. Як гэта паўплывае на экалогію і колькі будзе каштаваць, абмяркоўваем у студыі Еўрарадыё з прадстаўніком Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў, намеснікам рэдактара выдання “Беларусы і рынак” Алесем Герасіменкам і навукоўцам, арнітолагам Паўлам Пінчуком.

Глядзець эфір цалкам можна тут:

Прапануем найлепшыя цытаты з размовы

Пра пагрозы для экалогіі

Павел Пінчук: “Гэты праект цалкам знішчыць Палессе. Яны хочуць зрабіць канал, паглыбіць яго да 3,5 метраў, зрабіць там ад 7 да 8 шлюзаў. Праз гэта Палессе як рэгіён перастане існаваць. У праекце нават няма апісання, што канкрэтна будуць рабіць на Прыпяці”.

Што такое водны шлях Е-40 і як гэта паўплывае на экалогію і эканоміку?
Вось так на мапе выглядае шлях E-40, фота: greenbelarus.info

Пра фінансавыя страты

Алесь Герасіменка: “Бізнес-саюз Куняўскага прааналізаваў інвестыцыйную рызыку праекта па стварэнні воднага шляху E-40 і прыйшоў да высновы, што праект нясе павышаную інвестыцыйную рызыку. Ён вельмі капіталаёмісты, на беларускім участку спатрэбіцца каля 150 мільёнаў еўра. А з іншага боку, мы не бачым, якія выгады для эканомікі нясе гэты праект. Водны транспарт прайграе чыгуначнаму і аўтамабільнаму па часе дастаўкі. Нават калі гэты шлях будзе створаны, хібы канкурэнтаздольнасці не атрымаецца пераадолець. Таму праект будзе проста не цікавы большасці грузаадпраўшчыкаў. У рынкавых умовах гэты шлях не зможа прыцягнуць грузы”.

Пра дзяржаўныя субсідыі

Алесь Герасіменка: “Будзе адміністрацыйны рэсурс выкарыстаны, то бок кампаніі прымусяць накіраваць грузы гэтым шляхам. Таксама могуць субсідзіраваць транспарт на гэтым водным шляху, каб зрабіць тарыфы больш прывабнымі. А гэта істотны рост дзяржрасходаў”.

Пра пагрозу для рэдкіх відаў птушак

Павел Пінчук: “Палессе — самы біяразнастайны рэгіён Беларусі. Праект воднага шляху E-40 праходзіць праз Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, Палескі радыяцыйны заказнік, заказнік “Сярэдняя Прыпяць”. Ужо кіраўніцтва заказнікаў выказалася супраць гэтага праекта. Частка відаў, такія як вяртлявая чарацянка (а ў Беларусі гняздзіцца палова сусветнай папуляцыі), можа пацярпець. Можа пацярпець вялікі падорлік, палова папуляцыі якога таксама гняздзіцца на балотах Палесся. Увесну на Прыпяці спыняецца каля паўмільёна птушак. Зразумела, што будаўніцтва і выкарыстанне канала прывядзе да таго, што частка птушак не зможа больш гняздзіцца на Палессі”.

Пра пагрозы для перавозчыкаў

Алесь Герасіменка: “Праект E-40 прадугледжвае перахоп грузаў з чыгуначнага (20%) і аўтатранспарту (10%). Для чыгункі гэта страта да 250 мільёнаў долараў штогод, а для аўтамабільных перавозчыкаў — да 80 мільёнаў долараў. А гэтыя дзве галіны працуюць у рыначных умовах, гэта прыбытковыя сферы. А калі гэта будзе яшчэ субсідзіраванне з бюджэту таго воднага шляху, то адзіным эфектам стане рост выдаткаў з бюджэту на доўгатэрміновы перыяд”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі