Што станоўчага і адмоўнага ўбачыла ў беларускіх выбарах місія ПАСЕ

Што станоўчага і адмоўнага ўбачыла ў беларускіх выбарах місія ПАСЕ

Парламенцкая асамблея савета Еўропы апублікавала на сваім сайце справаздачу па выніках назірання за беларускімі выбарамі. Тэкст склаў кіраўнік місіі Рэх Дэнеміч. Дакумент складаецца з васьмі старонак і некалькіх дадаткаў. Асноўная маса інфармацыі тычыцца тэхнічнага боку выбараў, аднак часам можна сустрэць і ацэнку працэсу. Мы выбралі тры моманты, у якіх місія ПАСЕ ўбачыла пазітыўныя перамены:

  • “Станоўчай рысай з'яўляецца тое, што палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні маюць права вылучаць як мінімум траціну членаў тэрытарыяльных выбаркамаў, і не больш, чым адна траціна членаў можа быць дзяржаўнымі служачымі... Тым не менш, розныя прадстаўнікі апазіцыі, з якімі сустракалася Спецыяльная камісія, паведамляюць, што склад тэрытарыяльных і участковых камісій быў незбалансаваным. Толькі 40 членаў выбарчых камісій з 69 тысяч былі прадстаўнікамі апазіцыі”.
  • “Адной са станоўчых асаблівасцяў было тое, што міністр працы і сацыяльнай абароны, якая ўзначальвала кампанію дзеючага прэзідэнта, на час выбараў узяла адпачынак на працы ў Міністэрстве”.
  • “Дзяржаўнае фінансаванне было прадугледжанае ў выглядзе друку адзінага інфармацыйнага матэрыялу, які змяшчае біяграфічныя дадзеныя ўсіх кандыдатаў. Ён быў распаўсюджаны ЦВК. Гэта можна разглядаць, як станоўчы крок, які забяспечваў роўнасць сярод кандыдатаў у дачыненні да інфармацыйных матэрыялаў для выбаршчыкаў”.
Што станоўчага і адмоўнага ўбачыла ў беларускіх выбарах місія ПАСЕ

Назіральнікі пра выбары: легітымныя і празрыстыя, або нячэсныя?

Выбары ў Беларусі атрымалі вельмі розныя ацэнкі назіральнікаў. Ад непразрыстых і нячэсных да дэмакратычных і легітымных. Еўрарадыё параўноўвае водгукі і справаздачы міжнародных назіральнікаў.

Напрыканцы справаздачы місіі назіральнікаў ПАСЕ змешчаныя рэкамендацыі беларускім уладам і некалькі высноваў. Падаем іх пераклад.

 

Яшчэ шмат трэба зрабіць

1. “Спецыяльны камітэт прыйшоў да высновы, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 11 кастрычніка прадэманстравалі, што Беларусі ўсё яшчэ трэба будзе прайсці значны шлях у выкананні сваіх абавязацельстваў па правядзенні дэмакратычных выбараў. У дзень галасавання выбаршчыкі змаглі зрабіць свой выбар празрыстым спосабам у прысутнасці многіх мясцовых і міжнародных назіральнікаў. Аднак выбары не абмяжоўваюцца толькі днём галасавання. Для ўмацавання даверу да выбарчага працэсу неабходна значна удасканаліць працэдуры падліку галасоў і правілы працы назіральнікаў у асноўны дзень галасавання”.

Няма канкурэнтнага палітычнага асяроддзя

2. “Беларусі неабходна рэфармаваць закон аб выбарах для забеспячэння належнага канкурэнтнага палітычнага асяроддзя, якое з'яўляецца галоўнай умовай доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасці краіны”.

Вызвалілі палітзняволеных — гэта добра

3. “Сітуацыя напярэдадні выбараў была спакойнай. З невялікімі абмежаваннямі кандыдаты ў прэзідэнты маглі бесперашкодна праводзіць агітацыю па ўсёй краіне. Спецыяльны камітэт вітаў вызваленне палітычных зняволеных перад пачаткам перадвыбарнай кампаніі і заклікаў улады працягваць паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне”.

Выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс — гэта дрэнна

4.“Спецыяльны камітэт быў праінфармаваны аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу, у тым ліку, рэсурсу грамадскіх арганізацый, што фінансуюцца дзяржавай, у правядзенні агітацыі за дзеючага прэзідэнта; як мяркуецца, значная колькасць высокапастаўленых афіцыйных асоб актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі дзеючага прэзідэнта. У будучыні, уладам Беларусі трэба прыняць меры, каб пазбегнуць падобных практык”.

Запрасілі назіральнікаў — гэта добра

5. “Спецыяльны камітэт вітае адкрытасць беларускіх уладаў, якія запрасілі Парламенцкую асамблею назіраць за выбарамі праз 14 гадоў пасля папярэдняга запрашэння ў 2001 годзе. Ён таксама вітае запрашэнне Беларуссю ў адпаведнасці са сваімі міжнароднымі абавязацельствамі вялікай колькасці міжнародных арганізацый для назірання за выбарамі, уключаючы доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ, якія маглі бесперашкодна выконваць сваю працу. Тым не менш, спецыяльны камітэт перакананы, што выбарчае заканадаўства павінна быць палепшанае ў плане забеспячэння эфектыўнай працы міжнародных назіральнікаў. Асабліва ў дзень галасавання, без ўмяшання ў дзейнасць выбарчых камісій. Гэта дапамагло б умацаваць давер да выбарчага працэсу”.

Што станоўчага і адмоўнага ўбачыла ў беларускіх выбарах місія ПАСЕ

ПАСЕ: Уладам Беларусі трэба павялічваць давер беларусаў да выбараў

У справаздачы адзначаецца, што "выбары не абмяжоўваюцца толькі днём галасавання, таму Беларусь павінна палепшыць заканадаўчыя рамкі правядзення выбараў, каб гарантаваць стварэнне канкурэнтаздольнага палітычнага серадовішча".

Новае фінансаванне кампаніі.

6. "Што тычыцца фінансавання выбарчай кампаніі, кандыдаты маглі выкарыстоўваць свае ўласныя сродкі і ўнёскі ад грамадзян і юрыдычных асоб. Акрамя таго, з мэтай забеспячэння роўнасці кандыдатам было дадзенае дзяржаўнае фінансаванне для друку аднастайных інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў для выбаршчыкаў. Тым не менш, некаторыя з тых людзей, з кім кантактаваў спецыяльны камітэт, выказалі заклапочанасць адносна рэальнага ўзроўню фінансавых ахвяраванняў для кандыдатаў ад грамадзян і юрыдычных асоб, маючы на ўвазе патэнцыйны ціск і запалохванне донараў".

Патрэбны роўны доступ да дзяржаўных СМІ

7. "У дачыненні да асвятлення ў СМІ Выбарчы кодэкс прадугледжвае бясплатны эфірны час для кандыдатаў на дзяржаўным тэлебачанні і радыё, а таксама бясплатныя газетныя плошчы ў фінансаваных дзяржавай друкаваных СМІ. Дзяржаўны тэлеканал “Беларусь 1” і “Першы нацыянальны канал Беларускага радыё” выдзелілі для кожнага кандыдата бясплатны эфірны час. Адмысловым камітэтам было адзначана, што мела месца шырокае асвятленне дзейнасці дзеючага прэзідэнта ў дзяржаўных СМІ, і гэтае асвятленне было спрыяльным для прэзідэнта. У сувязі з гэтым, спецыяльны камітэт нагадвае, што грамадскія вяшчальнікі абавязаныя забяспечыць роўны доступ для ўсіх кандыдатаў без перавагі для дзейнага прэзідэнта".

Выбарчае заканадаўства трэба палепшыць з нашай дапамогай

8. “Спецыяльны камітэт падкрэслівае важнасць працы ўсіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уцягнутых ў назіранне за ходам выбараў. На яго думку, беларускія ўлады павінны ажыццяўляць сваё супрацоўніцтва з Парламенцкай Асамблеяй і Венецыянскай камісіяй з мэтай удасканалення прававой базы і практыкі правядзення выбараў у Беларусі”.

І мы павінны ў гэтым дапамагаць

9. “Спецыяльны камітэт лічыць, што Савет Еўропы і яго Парламенцкая Асамблея праз свае розныя праграмы супрацоўніцтва, у тым ліку праграмы па Усходнім партнёрстве, павінны працягваць працаваць над удасканаленнем выбарчага заканадаўства і яго прымянення ў Беларусі”.

 

У ЦВК Беларусі справаздачу місіі ПАСЕ пакуль не каментуюць, бо яшчэ… не чыталі. “Мы чакаем тэкст справаздачы. Нам паведамілі, што напрыканцы лістапада дашлюць тэкст. Верагодна, гэта павінна быць афіцыйна зроблена. Але пакуль нічога не прыходзіла”, — паведамілі Еўрарадыё ў сакратарыяце ЦВК.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі