Назіральнікі пра выбары: Легітымныя і дэмакратычныя ці нячэсныя і непразрыстыя?

Назіральнікі пра выбары: Легітымныя і дэмакратычныя ці нячэсныя і непразрыстыя?

Выбары ў Беларусі атрымалі вельмі розныя ацэнкі назіральнікаў. Ад непразрыстых і нячэсных да дэмакратычных і легітымных. Еўрарадыё параўноўвае водгукі і справаздачы міжнародных назіральнікаў.

Назіральнікі ад АБСЕ і ПАСЕ: Спакойна і нячэсна

Сярод усіх назіральнікаў папярэднія высновы апублікаваныя толькі місіямі назіральнікаў ад ПАСЕ, ПА і БДІПЧ АБСЕ. Гэты дакумент складаецца з 61 пункта.

У ім са станоўчых момантаў прадстаўнікі місій назіральнікаў ад ПАСЕ, ПА і БДІПЧ АБСЕ адзначаюць частковае паляпшэнне ўмоваў канкурэнцыі паміж кандыдатамі ў тым ліку, і ў медыя-асяроддзі, магчымасць весці кампанію па ўсёй краіне, адсутнасць цэнзуравання падчас выступаў па тэлебачанні і тое, што дзень выбараў прайшоў спакойна.

Сярод адмоўнага, што працэс падліку галасоў і звядзенне вынікаў "падарвалі чэснасць выбараў".

“Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне, што ўказвае на значныя праблемы”.

Назіральнікі адзначаюць перадузятасць выбарчых камісій, недасканаласць нарматыўна-прававой базы, непразрыстасць фінансавання перадвыбарчай кампаніі. У місіі ўзніклі пытанні да якасці і дакладнасці спісаў выбаршчыкаў.

 

Папярэднія высновы місій ПА і БДІПЧ АБСЕ.

Місія назіральнікаў ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: Адкрыта і свабодна

У заяве місіі адзначаецца, што выбары былі праведзеныя адкрыта, свабодна і дэмакратычна — у адпаведнасці з Канстытуцыяй, выбарчым кодэксам рэспублікі і прынятымі дзяржавай міжнароднымі абавязкамі. Кандыдатам у прэзідэнты былі забяспечаныя роўныя правы і магчымасці ў правядзенні кампаніі.

Парушэння нормаў і патрабаванняў нацыянальнага выбарчага заканадаўства місія не адзначае. Зваротаў, скаргаў і заўваг ад выбаршчыкаў, палітычных сіл і давераных асоб кандыдатаў на адрас членаў місіі не паступіла.

Назіральнікі ад СНД: Канкурэнтна і празрыста

У назіральнікаў ад СНД яшчэ не з’явілася канчатковая справаздача па выніках выбараў. Але кіраўнік місіі Сяргей Лебедзеў зрабіў некалькі заяваў:

“Выбары адпавядалі дэмакратычным прынцыпам, былі празрыстымі, адкрытымі і канкурэнтнымі. Органы ўлады Беларусі і выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў забяспечылі падчас выбараў рэалізацыю права грамадзян краіны на іх свабоднае волевыяўленне”.

З недахопаў місія сутыкнулася з традыцыйнымі выпадкамі для СНД, напрыклад, спробамі сямейнага галасавання.

“Зафіксаваўшы парушэнні, члены ўчастковых выбарчых камісій адразу папраўлялі людзей і тлумачылі, што такія дзеянні супярэчаць выбарчаму заканадаўству”, — распавядае Лебедзеў.

На некаторых участках назіральнікі ад СНД не выявілі інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў, але, калі яны звярталі на гэта ўвагу, члены ўчастковых выбарчых камісій імгненна выпраўлялі памылку. На некаторых участках не зусім зручна размяшчаліся месцы для нацыянальных назіральнікаў, але пасля заўвагі гэта аператыўна выпраўлялася, — кажа кіраўнік місіі назіральнікаў.

 

Назіральнікі пра выбары: Легітымныя і дэмакратычныя ці нячэсныя і непразрыстыя?
Фота: ria.ru/Аляксей Кудзенка

Назіральнікі ад Кітая: Справядліва і легітымна

Заява місіі назіральнікаў ад КНР змясцілася на адной старонцы. У ёй прыводзяцца словы кіраўніка місіі Юя Чжэньці:

“Выбары адпавядаюць нацыянальным выбарчым законам Беларусі і агульнапрынятым нормам міжнароднага права, з’яўляюцца легітымнымі, дэмакратычнымі, празрыстымі і справядлівымі. Права на палітычнае волевыяўлення шляхам галасавання ў грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права, у поўнай ступені забяспечанае”.

У місіі склалася ўражанне, што галасаванне праводзілася паспяхова і спакойна, парушэнняў выяўлена не было.

Альянс місій назіральнікаў: Камфортна і арганізавана

Справаздача альянсу будзе апублікаваная да 25 кастрычніка. А пакуль яго прадстаўніца Раберта Банаццы заявіла беларускім журналістам, што працэс галасавання быў добра арганізаваны. Назіральнікі звярнулі ўвагу на адкрытасць працэдуры галасавання, камфортныя ўмовы, створаныя на участках для выбаршчыкаў і назіральнікаў.

Сярод недахопаў — канструкцыі скрыняў, фармат выбарчых бюлетэняў. Калі гэтыя хібы ліквідаваць, павысіцца празрыстасць выбарчага працэсу, мяркуе эксперт.

Галоўнае фота: telegraf-EPA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі