Што рабіць ваеннаабавязанаму беларусу, калі Лукашэнка аб'явіць мабілізацыю?

Z-войска з непрызнанай рэспублікі / donpress.com
Z-войска з непрызнанай рэспублікі / donpress.com

Уявіце сітуацыю: Лукашэнка вырашае адправіць беларускія войскі ваяваць ва Украіну. У Беларусі пачынаецца частковая або агульная мабілізацыя. Што ў такім выпадку рабіць шараговаму беларусу? Ехаць па позве, уцякаць з краіны, ісці ў партызаны?

Что делать военнообязанному белорусу, если Лукашенко объявит мобилизацию?

— Трэба падкрэсліць, што сама сітуацыя [з абвяшчэннем мабілізацыі ў Беларусі] пакуль што гіпатэтычная і малаімаверная, — лічыць аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка. — Мне здаецца, пытанне пра тое, што рабіць у такім выпадку, — гэта, хутчэй, справа нейкіх грамадскіх маральных аўтарытэтаў. Гэта, можа быць, яны павінны арыентаваць людзей — што ім рабіць ці не рабіць. Магу толькі сказаць, як бы паступіў я, апынуўшыся ў такой сітуацыі. Я б, безумоўна, усімі сіламі пазбег мабілізацыі. Таму што мяне зусім не прыцягвае ідэя браць у рукі зброю і ці то ісці забіваць украінцаў, ці то каб яны мяне забівалі.

Адседзець за ўхіленне або адправіцца ваяваць — гэта два дрэнныя варыянты. Мне здаецца, гэта крыху штучнае звужэнне альтэрнатыў. Неабавязкова ісці ў ваенкамат, як пакорлівая жывёла на забой, або ў турму. Дагэтуль застаюцца варыянты, як сыходзіць з Беларусі людзям, якія нават не маюць легальнай магчымасці перасекчы мяжу. Асабіста для сябе я б разглядаў такія варыянты.

Ад позвы не ўцячэш?

Пры абвяшчэнні мабілізацыі наўрад ці ўсе ваеннаабавязаныя пагалоўна рынуцца гінуць у іншай краіне, пакінуўшы сем'і і размеранае жыццё. Як быць беларусу, які не захоча паміраць за чужыя інтарэсы?

З гэтым пытаннем Еўрарадыё звяртаецца да Максіма (імя змененае), дасведчанага вайскоўца, які праслужыў у беларускай арміі больш за дзесяць гадоў. Ён лічыць, што ў найбліжэйшым часе мабілізацыі не будзе. Калі яна ўсё ж адбудзецца пазней, то пазбегнуць позвы асабліва не атрымаецца. Маўляў, адмазка "мне нічога не ўручылі" ўжо не пракоціць.

Что делать военнообязанному белорусу, если Лукашенко объявит мобилизацию?
Z-войска з непрызнанай рэспублікі / donpress.com

— Не так даўно былі змены ў заканадаўстве, і цяпер атрыманне позвы — праблема прызыўніка, — расказвае Еўрарадыё Максім. — Калі яго няма дома, калі ён размінуўся з прадстаўнікамі ваенкамата (хоць цяпер гэтым займаюцца прадстаўнікі МУС) або калі выехаў за тэрыторыю населенага пункта (краіны) і яму не была ўручана позва, то ў такім выпадку прадугледжана адказнасць аж да крымінальнай. Таму пры атрыманні позвы ўсміхаемся і пытаем, што з сабой браць. Як толькі сыходзяць асобы, якія ўручылі позву, бяром загадзя падрыхтаваную валізу з рэчамі і едзем аўтамабілем ці іншым транспартам (залежыць ад сітуацыі) у РФ.

Далей на выбар: уладкоўваемся на працу ў буйны населены пункт або ў богам забытае месца. У першым выпадку ўсё ж ёсць рызыка, што рана ці позна прыйдуць супрацоўнікі паліцыі і вас вернуць у Беларусь. У другім выпадку можна за лічаныя капейкі (а то і бясплатна) зняць хай і ўбогае, але жыллё. І займацца рыбалоўствам, напрыклад. Там вас ніхто дакладна не знойдзе. Расіяне не падазраюць пра існаванне ў такіх месцах нават сваіх грамадзян. Адзначу, што гэты варыянт датычыцца толькі грамадзян, не якія знаходзяцца на службе.

Что делать военнообязанному белорусу, если Лукашенко объявит мобилизацию?
Расіянам, якія ўцяклі ад мабілізацыі ў Казахстан, далі прытулак у казахстанскім кінатэатры. Праз наплыў ухілістаў у памежных гарадах Казахстана цяжка зняць кватэру / BBC

Еўрарадыё: Чаму, калі сыходзіць, то ў Расію, а не ва ўмоўную Польшчу?

Максім: Гэтая выснова вынікае з таго, што ў чалавека мала часу [прыняць рашэнне]. І да таго ж яго звесткі могуць быць ужо ў памежнікаў або наогул можа дзейнічаць поўная забарона на выезд з краіны людзям прызыўнога ўзросту.

З заходняй часткі краіны — агароджа. З паўднёвага боку ёсць рызыка, што прыстрэляць. Застаецца Расія. Яшчэ з плюсаў паехаць туды — магчымасць выкарыстоўваць банкаўскую картку, а таксама знаёмая мова мясцовага насельніцтва і адсутнасць праблем з атрыманнем замежнай візы.

Іншыя краіны па бязвізе або візе я б таксама не разглядаў. Беларусы, якія з'едуць ад мабілізацыі, не змогуць там выкарыстоўваць адмазку "я супраць вайны і рэжыму", паколькі ўвесь гэты час яны нармальна сабе жылі ў краіне і ні пра што не думалі. Таксама ў выпадку выкарыстання, напрыклад, зброі масавага паражэння з тэрыторыі Беларусі беларусам, якія ўжо жывуць на тэрыторыі той жа Еўропы, варта рыхтавацца да таго, што іх не будуць браць на працу, не будуць заключаць дамову на арэнду жылля, увядуць сакрэтныя рэкамендацыі па адмове або стварэнні праблем з легалізацыяй. І будуць ужо разбіваць не толькі машыны з беларускай рэгістрацыяй (у тым ліку БЧБ), але і будуць спрабаваць разбіць твар у завулку.

Что делать военнообязанному белорусу, если Лукашенко объявит мобилизацию?
Грузіны з плакатамі сустракаюць на мяжы расіян, якія ўцякаюць у Грузію ад мабілізацыі / УНИАН

Партызаншчына ў цывільным выкананні — не самы лепшы варыянт

Еўрарадыё: Хтосьці можа вырашыць пайсці ў лясы і перачакаць заваруху там.

Максім: Што да таго, каб уцячы ў лес, то гэта часовая мера. Вам трэба будзе есці, піць і гэтак далей. Акрамя таго, ёсць участкі лясной мясцовасці, дзе ўсталяваны камеры, і вы можаце трапіць да леснікоў або на вас могуць зладзіць аблаву, калі ўцекачоў вялікая група. Акрамя гэтага, варта ўлічыць такія моманты, як холад, небяспека нападу дзікіх жывёл, падзенне снарадаў пры правядзенні вучэнняў і да таго падобнае.

Значная частка насельніцтва не падтрымлівае супрацьпраўныя (як яны гэта трактуюць) дзеянні [партызаншчыну. — Еўрарадыё]. І гэтая частка насельніцтва складаецца з лукашыстаў, праціўнікаў Лукашэнкі, але якія "мы з Расіяй", і з амёбнай часткі насельніцтва, якая гатовая трываць колькі заўгодна, нічога не хоча змяняць, але ў зносінах з роднымі — напрыклад, тымі, якія з'ехалі, — будзе выказваць сваю незадаволенасць.

Таксама да адмоўных фактараў партызаншчыны можна дадаць відэакамеры, падключаныя да агульнай сістэмы маніторынгу, сістэмы маніторынгу ў мабільнай і тэлефоннай сувязі, стукацтва і гэтак далей. Вельмі мала людзей, здольных абыходзіць гэтыя пасткі. І, як правіла, гэта былыя сілавікі, якія ў курсе, як і што працуе. Таму ведаюць, дзе кепачку на твар нацягнуць, дзе лепш папрасіць мінака, а дзе якую-небудзь бабулю спытаць. І гэта я кажу пра афіцэраў (і то не ўсіх). Салдаты тэрміновай службы таксама не падрыхтаваныя да сыходу ад сачэння або пераследу.

Что делать военнообязанному белорусу, если Лукашенко объявит мобилизацию?
Лясная зямлянка літоўскіх партызанаў / 584km.lt

"Лепш трапіць у турму, чым бясслаўна загінуць"

Экс-сілавікі з BYPOL, якія выступілі супраць дзейнага беларускага рэжыму, раяць сабатаваць усе мерапрыемствы, звязаныя з прызывам запаснікаў для вайны ва Украіне.

— Мабілізацыя стала рэальнасцю для ўсіх грамадзян Расіі ўжо сёння і можа стаць рэальнасцю для грамадзян Беларусі найбліжэйшым часам. Ваенная агрэсія ў дачыненні да Украіны кваліфікуецца як злачынства супраць міру і бяспекі чалавецтва і падпадае пад дзеянне часткі 1 артыкула 122 Крымінальнага кодэкса — "Падрыхтоўка агрэсіўнай вайны", — расказвае Еўрарадыё прадстаўнік BYPOL. — Каб не стаць саўдзельнікам і ахвярай злачынстваў дыктатараў, дамо кароткія і жыццёва важныя рэкамендацыі ваеннаабавязаным грамадзянам Рэспублікі Беларусь у выпадку прызыву на вайсковую службу па мабілізацыі. Такім чынам, асноўная мэта — сабатаж незаконнай мабілізацыі.

У выпадку, калі вам спрабуюць уручыць позву, стварыце ўмовы, калі вы яе атрымаць не можаце. Нікому не адчыняйце дзверы, не атрымлівайце пошту, не адказвайце на званкі з невядомых нумароў. Не адказвайце ні на якія СМС, не прызнавайцеся, што вы прачыталі атрыманыя раней СМС. Ідэальны варыянт — часова пераехаць для пражывання не па месцы рэгістрацыі. Ні ў якім разе не наведвайце ваенкамат ні пад якімі ўгаворамі і маркамі.

Галоўны фактар пры сабатажы — гэта масавасць. Рэсурсаў для пошуку і дастаўлення ўхілістаў у ваенкамат рэжым не мае. Калі нават здарыцца, што вас затрымаюць і даставяць у ваенкамат, адмаўляйцеся выконваць загады. Лепш трапіць у турму, чым бясслаўна загінуць пры руху адмабілізаваных калон, не даехаўшы да фронту.

Что делать военнообязанному белорусу, если Лукашенко объявит мобилизацию?
Z-войска з непрызнанай рэспублікі / donpress.com

Што будзе, калі ваенкам раскусіць манеўры беларуса, які сабатуе мабілізацыю? У Крымінальным кодэксе на гэты выпадак прадугледжаны артыкул 434, "Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу па мабілізацыі". Пакараць ухіліста могуць пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў. Зрэшты, быць мабілізаваным і паехаць на вайну, апынуцца ў турме замест фронту або хавацца па лясах — тут кожны вырашае сам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі