Што гаварылі прэм'ер і кіраўнік Нацбанка пра беларускі бізнес

Што гаварылі прэм'ер і кіраўнік Нацбанка пра беларускі бізнес

Прэм'ер-міністр і кіраўнік Нацбанка ў пятніцу, 18 лістапада, гаварылі пра беларускі бізнес. Яны ўдзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў нацыянальнага конкурсу "Прадпрымальнік года".

Андрэй Кабякоў назваў малы і сярэдні бізнес "магутнай эканамічнай сілай", якая фармуе "больш за 24% ВУП, 28,5% падатковых паступленняў, 26,5% экспарту тавараў у агульным аб'ёме экспарту краіны". Ён падкрэсліў, што там працуе кожны трэці беларус і ўрад вельмі зацікаўлены ў развіцці гэтага сектару эканомікі. Прэм'ер-міністр нагадаў, што разняволенне дзелавой ініцыятывы і фармаванне спрыяльных умоваў для вядзення бізнесу разглядаюцца, як важны рэсурс для развіцця Беларусі і з'яўляецца сферай пільнай увагі з боку ўраду, інфармуе БЕЛТА.

Прынцып свабоднай канкурэнцыі не павінен разумецца асобнымі нядобрасумленнымі суб'ектамі як уседазволенасць, сказаў Андрэй Кабякоў. "Павінен быць канкурэнтны рынак з роўнымі магчымасцямі для кожнага рэалізоўваць свае ініцыятывы. І правілы на такім рынку павінны дзейнічаць жорсткія... Парадак павінен быць паўсюль і ва ўсім", — заявіў прэм'ер.

Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр паабяцаў, што "ў наступным годзе ў бліжэйшай будучыні макраэканамічныя ўмовы, у тым ліку пытанні даступнасці крэдытаў, будуць больш спрыяльныя". Ён адзначыў, што ўражаны вынікамі эканамічнай дзейнасці пераможцаў конкурсу "Прадпрымальнік года". "У такіх няпростых эканамічных умовах такія вынікі могуць атрымаць толькі эфектыўныя менеджары. Мы са свайго боку стараліся вам не перашкаджаць і нават у нечым дапамагаць", — сказаў Калаўр.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў сваім выступленні звярнуў увагу на тое, што рух эканомікі наперад немагчымы без інавацыйнага бізнесу. А ў нашай краіне штогод колькасць такіх прадпрыемстваў павялічваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі