Вы тут

Шматдзетным сем'ям у Пінску знізілі памер дапамогі на школьнікаў

На школьнікаў са шматдзетных сем'яў у Пінску сёлета да навучальнага года  выплацяць па 300 тысяч "старых" рублёў замест леташніх 450 тысяч. Такім чынам, выплаты знізяцца ў патара раза.

Як тлумачыць media-polesye.by, зніжэнне адбылося ў выніку змены заканадаўства. Ад 2012 года грашовая дапамога з гарадскога бюджэту выплочвалася сем'ям, якія выхоўвалі трох і больш школьнікаў. Сёлета была зацверджаная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады. Згодна з ёй, грашовая дапамога выдаецца шматдзетнай сям'і нават у тым разе, калі ў ёй выхоўваецца толькі адзін школьнік. У выніку колькасць школьнікаў, на якіх трэба выплочваць дапамогу, павялічылася амаль у 4 разы.

У Пінску пражывае 1512 шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваюцца 3238 школьнікаў. Таму гарадскія ўлады вырашылі выплочваць на кожнага школьніка са шматдзетнай сям'і па 30 рублёў "новымі" (300 тысяч недэнамінаваных рублёў). Напрыклад, у Брэсце і Баранавічах на школьнікаў будуць выплочваць такую ж дапамогу.