Сейм Латвіі разгледзіць закон аб канфіскацыі аўтамабіляў на беларускіх нумарах

Сейм Латвіі

Сейм Латвіі / Global Look Press

Сёння ў Сейме Латвіі ў першым чытанні плануюць разгледзець папраўкі ў закон аб дарожным руху. Паводле гэтых паправак аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Латвіі. Да 31 кастрычніка яны павінны быць альбо перарэгістраваныя на латвійскія нумары, альбо вывезеныя з краіны. У адваротным выпадку аўто могуць канфіскаваць. 

Папраўкі былі распрацаваныя "для забеспячэння выканання санкцый, устаноўленых Еўразвязам", нагадалі ў прэс-службе Сейма. Згодна з законапраектам, пасля 31 кастрычніка аўтамабілі на беларускіх нумарах змогуць уязджаць у Латвію толькі для транзіту. Пры гэтым уладальнікі загадзя павінны будуць паведаміць і атрымаць згоду Дырэкцыі бяспекі дарожнага руху. Уязджаць у Латвію па-ранейшаму змогуць аўтамабілі дыпламатаў, пасольстваў і дэлегацый, а таксама ў гуманітарных мэтах. 

Акрамя таго, "выключэнне прадугледжана для асоб з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння, якія кіруюць уласнымі спецыяльна абсталяванымі транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі ў Беларусі, калі яны жадаюць уехаць з мэтай наведвання сваіх бацькоў, дзяцей або мужа, якія пражываюць у Латвіі", адзначылі ў Сейме. Але ў гэтым выпадку папярэдне трэба будзе атрымаць дазвол на ўезд у Службы фінансавай выведкі. Такія дазволы латвійская Служба фінансавай разведкі можа выдаваць і ў тых выпадках, калі пра яго папросіць кіраўнік МЗС краіны. Дазвол на ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Латвіі можа быць выдадзены на тэрмін да трох месяцаў

Мяркуецца, што законапраект уступіць у сілу на наступны дзень пасля яго апублікавання. У Сейме нагадалі, што аналагічныя абмежаванні цяпер дзейнічае для аўтамабіляў на расійскіх нумарах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі