Вы тут

Сенат ЗША ўхваліў "Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі"

Сенат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі / Reuters

Сенат ЗША ўхваліў "Акт аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі" (Belarus Democracy, Human Rights, and Sovereignty Act), піша TUT.by. Законапраект быў падрыхтаваны кангрэсменам Крысам Смітам, які быў адным з аўтараў Актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў.

Акт аб дэмакратыі 2020 года дае прэзідэнту ЗША дадатковыя паўнамоцтвы па ўвядзенні санкцый супраць прадстаўнікоў Беларусі ў сувязі з сёлетнімі выбарамі і падзеямі пасля іх.

У тэксце дакумента паведамляецца, што прэзідэнт ЗША можа ўвесці санкцыі супраць любога чальца Цэнтрвыбаркама Беларусі або іншага ўдзельніка маніпуляцый на выбарах. Таксама пад санкцыі могуць трапіць чыноўнікі, адказныя за пераслед СМІ. Прычым санкцыі ЗША могуць быць уведзеныя не толькі супраць беларускіх чыноўнікаў, але і прадстаўнікоў так званай Саюзнай дзяржавы, у тым ліку грамадзян Расіі, калі высветліцца, што яны "прымалі значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека датычна палітычных рэпрэсій у Беларусі".

Сёлетні Акт аб дэмакратыі ў Беларусі мае наступныя палажэнні:

прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку законна абраным кіраўніком Беларусі;

заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;

заклікае вызваліць усіх палітвязняў без усялякіх папярэдніх умоваў;

падтрымлівае імкненне народа Беларусі да свабоды веравызнання;

дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;

заяўляе, што ЗША не прызнаюць ўключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расіяй;

патрабуе ад Злучаных Штатаў стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;

аказвае падтрымку беларускім СМІ і прадстаўнікоў IT-сектара.

Раней дакумент быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў. Цяпер яго павінен падпісаць прэзідэнт ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.