Вы тут

Сайт Следчага камітэта вярнуў навіну пра справу Віктара Пракапені

Фота: probusiness.io

Сайт Следчага камітэта вярнуў навіну пра крымінальную справу, якую заводзілі на бізнэсмена Віктара Пракапеню. Інфармацыя, выстаўленая на старонку ведамства 3 красавіка 2015 года, на пэўны час знікала з інтэрнэт-прасторы, а цяпер аднавілася.

У навіне гаворыцца пра пачатак крымінальнай справы ў дачыненні бізнэсмена ў сферы інфармацыйных тэхналогій і нерухомасці Віктара Пракапені. На той момант следства выявіла, што бізнэсмен дзейнічаў у складзе арганізаванай групы і займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы продажу інфармацыйных тэхналогій без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі як суб’екта гаспадарання. “У выніку незаконная дзейнасці ім быў атрыманы даход у памеры 650 тысяч долараў ЗША”, — гаворыцца ў інфармацыі СК.

Таксама згадваецца канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога быў распачаты пераслед, — ч.3 арт.233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, здзейсненая арганізаванай групы, з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры). У дачыненні Пракапені выкарыстоўвалася мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Днямі стала вядома, што з шэрагу сайтаў СМІ, а таксама іншых рэсурсаў зніклі архіўныя навіны наконт справы Віктара Пракапені, або інфармацыя ў іх была выпраўленая. Віктар Пракапеня правёў у СІЗА №1 9 месяцаў, пасля чаго выйшаў на волю, цалкам кампенсаваўшы нанесеную шкоду. Абвінавачанні з яго былі знятыя, а крымінальная справа спыненая.

Факт знікнення архіўных навінаў выклікаў вялікі розгалас. Кіраўнікі шэрагу СМІ цалкам або часткова прызналі, што ўносілі праўкі ў старыя матэрыялы пра справу Пракапені.