Рымашэўскага і Статкевіча ЦВК пакарае папярэджаннем

Здымаць Віталя Рымашэўскага і Міколу Статкевіча за арганізацыю недазволенай акцыі "Сыходзь!" на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада Цэнтрвыбаркам не будзе. Але папярэджанне ім вынясе. Пра гэта Еўрарадыё распавяла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Ярмошына: "Мы плануем разгледзець на бліжэйшым паседжанні камісіі гэтае пытанне. Тэарытычна гэта можа пагражаць арганізатарам папярэджаннем. І калі яны здзейсняць яшчэ якое-небудзь парушэнне выбарчага заканадаўства, то гэта кажа пра сістэмнасць парушэнняў і дае падставу тады ўжо адмяніць ім рэгістрацыю".

Паседжанне камісіі, на якім плануецца вынесці папярэджанне Рымашэўскаму і Статкевічу, прызначылі на 30 лістапада. Да Уладзіміра Някляева, які таксама прысутнічаў на акцыі і нават выступаў перад людзьмі, ніякіх санкцый, кажа Ярмошына, ЦВК прымяняць не будзе. Маўляў, менавіта Статкевіч і Рымашэўскі былі арганізатарамі і не падпарадкаваліся забароне на правядзенне сустрэч з выбарцамі на Кастрычніцкай плошчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі