Вы тут

Рыхтуецца спіс "палітычных", якія могуць трапіць пад амністыю — СМІ

Затрыманні падчас адной з акцый пратэсту восенню 2020 года / Еўрарадыё

Пачаўся працэс фарміравання спісаў асоб, якія могуць трапіць пад палітычную амністыю, паведамляе "Наша Ніва" са спасылкай на свае крыніцы. Спісы складаюць у рэжыме строгай сакрэтнасці, займаецца гэтым адзін са следчых органаў.

У выдання няма звестак, як — з улікам якіх умоў і абставінаў — фармуецца гэты спіс. З вялікай доляй верагоднасці ў яго патрапяць асуджаныя за нейкія "дробязі", да прыкладу, за нанясенне надпісаў.

"Складанне гэтых спісаў не азначае, што яны будуць рэалізаваныя, але рэчы паказваюць на тое, што палітычная амністыя можа быць", — прыводзіць выданне словы крыніцы .

Нагадаем раней з'явілася інфармацыя, што асуджаным прапануюць пісаць прашэнні аб памілаванні. Так, дачка адной з фігурантак "пінскай справы" Алены Маўшук Юлія распавядала Еўрарадыё, што яе мама ўжо напісала такую паперу. Пры гэтым дзяўчына не змагла сказаць, гэта была ўласная ініцыятыва ці ёй "прапанавалі".

Амністыя, калі яна адбудзецца, можа быць прымеркавана да 3 ліпеня (Дня Незалежнасці Беларусі). Вызваленне палітвязняў застаецца адным з патрабаванняў заходняй супольнасці да цяперашніх беларускіх уладаў.

Па стане на 15 чэрвеня палітычнымі зняволенымі ў Беларусі былі прызнаныя 481 чалавек.

Наколькі магчымая такая амністыя ў цяперашніх умовах, на мінулым тыдні ў эфіры Еўрарадыё разважалі Юрый Васкрасенскі і Андрэй Ланкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.