Румас распавёў Шуневічу, як міліцыя прапускае на стадыёны заўзятараў

Румас распавёў Шуневічу, як міліцыя прапускае на стадыёны заўзятараў

11 лістапада, адбылася сустрэча кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса, яго першага намесніка Сяргея Сафар'яна і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі міліцыі грамадскай бяспекі на чале з намеснікам міністра Мікалаем Мельчанкам ды начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў.

Як адзначае прэс-служба БФФ, ініцыятыва сустрэчы належыць федэрацыі. Галоўным пытаннем для абмеркавання стала арганізацыя бяспекі падчас футбольных матчаў. Сяргей Румас папрасіў, каб міліцыянеры былі больш карэктнымі ў адносінах да заўзятараў, інакш не атрымаецца прыцягнуць на стадыёны больш людзей. У той жа час кіраўнік федэрацыі гатовы прыняць дысцыплінарныя рашэнні аб забароне наведвання стадыёнаў для асобаў, якія парушаюць устаноўленыя правілы паводзінаў. Таксама ён гаварыў пра гатоўнасць фармавання міжведамственнай рабочай групы па распрацоўцы законапраекта "Аб заўзятарах".

Абмяркоўваўся праект стварэння інстытута сцюардаў. Ігар Шуневіч лічыць, што міліцыянераў унутры стадыёна не павінна быць падчас матчаў. Але тады адказнасць па ахове грамадскага парадку ўскладаецца на арганізатараў футбольных гульняў. У такой сітуацыі міліцыя толькі б рэагавала на нейкія здарэнні на просьбу сцюардаў. Але неабходная дэталёвая прапрацоўка гэтага пытання. Аднак суправаджэнне фанатаў і ахову грамадскага парадку за межамі стадыёнаў МУС хоча пакінуць за сабой.

Разглядалася справа дагляду заўзятараў пры ўваходзе на стадыёны. Сяргей Румас "прывёў некалькі прыкладаў некарэктных паводзінаў міліцыянераў на кантрольных пунктах пропуску і акцэнтаваў увагу на скаргах з боку фанатаў". Верагодна, ён распавёў гісторыю з тым, як міліцыянеры даглядалі галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі Аляксандра Хацкевіча.

Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі расказаў, як яго абшукала міліцыя

Шуневіч прызнаў, што "адзінкавыя інцыдэнты" мелі месца з-за "чалавечага фактару і асабістых якасцяў асобных супрацоўнікаў". У той жа час публікацыі ў СМІ на гэтую тэму не заўсёды аб'ектыўныя, лічыць міністр унутраных спраў. Для вырашэння гэтай праблемы было вырашана, што падчас дагляду заўзятараў побач з міліцыянерамі будуць прысутнічаць прадстаўікі Беларускай федэрацыі футбола.

На сустрэчы была закранутая і тэма сімволікі на стадыёнах. "Прадстаўнікі АБФФ падтрымалі пазіцыю МУС у супрацьдзеянні з'яўлення на трыбунах разнастайных экстрэмісцкіх, каляпалітычных і радыкальных плакатаў, банераў і г. д. Разам з тым, спікеры прызналі, што сёння на трыбунах існуе дэфіцыт нацыянальнай ідэі і афіцыйных дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні федэрацыі. Ці была гаворка пра герб "Пагоня", невядома.

Мяркуецца, што дамоўленасці, прынятыя на сустрэчы ў сераду, дапамогуць мінімізаваць колькасць канфліктаў паміж міліцыянерамі і футбольнымі фанатамі.

Фота: abff.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі